У Віцебскай вобласці 14-гадовым падлеткам растлумачаць парадак атрымання пашпартоў
14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інфармацыйная кампанія па растлумачэнні ўмоў атрымання пашпартоў 14-гадовымі грамадзянамі стартавала ў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Таццяна Рамашова.
У сувязі з уступленнем у сілу з 9 жніўня бягучага года ўказа №197, які нароўні з унясеннем дапаўненняў і змяненняў у пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, прадугледжвае зніжэнне ўзроставай планкі для абавязковага атрымання пашпарта грамадзянамі Беларусі з 16 да 14 гадоў, упраўленне па грамадзянстве і міграцыі прыступіла да растлумачальнай работы сярод падлеткаў і іх бацькоў.
Пакуль што складана назваць колькасць маладых людзей, якія ўпершыню атрымаюць пашпарты, але Таццяна Рамашова ўпэўнена, што затрымак з выдачай галоўнага дакумента не будзе ні ў грамадзян, якія атрымліваюць яго ўпершыню, ні ў тых, каму яго неабходна замяніць.
Нягледзячы на тое, што артыкулам 23.53 КоАП (пражыванне без дакументаў, што сведчаць асобу) прадугледжана адказнасць за несвоечасовае атрыманне пашпарта, на першым часе юных грамадзян караць не будуць. У актыўную фазу растлумачальная работа ўвойдзе з пачаткам навучальнага года.
Таццяна Рамашова нагадала, што з 9 жніўня грамадзянам Беларусі неабходна будзе мяняць пашпарт кожныя 10 гадоў - да атрымання пашпарта ў 64 гады.
Па даных за пяць месяцаў бягучага года ў вобласці грамадзянам выдадзена 42810 пашпартоў, у той час як за пяць месяцаў 2011 года - 37306. Па словах Таццяны Рамашовай, такая розніца ў аб'ёмах тлумачыцца рэзкім павелічэннем колькасці выдадзеных пашпартоў у сакавіку - напярэдадні павелічэння памеру базавай велічыні. У адпаведнасці з заканадаўствам на афармленне пашпарта адводзіцца адзін месяц. У Віцебскай вобласці з гэтай задачай пашпартныя службы спраўляюцца, як правіла, за два тыдні.-0-