У Віцебскай вобласці 21 малочна-таварная ферма будзе ўведзена ў эксплуатацыю сёлета
1 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дваццаць адна малочна-таварная ферма будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2010 годзе ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Уладзімір Машэра.
На будаўніцтва аб'ектаў аграпрамысловага комплексу ўсяго прадугледжана каля Br400 млрд., у асноўным льготных крэдытных рэсурсаў банкаў, з якіх асвоена больш за 82,5%. Ужо ўведзена ў строй пяць сучасных ферм, работы на астатніх аб'ектах знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. Сельгасаб'екты ўзводзяцца па чатырох тыпавых праектах і разлічаны ў агульнай складанасці на круглагадовае стойлавае ўтрыманне больш за 14 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. Тры фермы прадугледжваецца абсталяваць аўтаматызаванымі даільнымі ўстаноўкамі.
Усяго ў вобласці дзейнічае больш за 980 малочна-таварных ферм, з якіх 49 абсталяваны даільнымі заламі. У адпаведнасці з праграмай развіцця сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці на перыяд да 2015 года, якая зараз распрацоўваецца аблвыканкамам, прадугледжваецца будаўніцтва дадаткова яшчэ 108 сучасных малочна-таварных ферм.
Зараз гаспадаркі вобласці вядуць падрыхтоўку аб'ектаў да зімовага стойлавага перыяду, пры гэтым каля 77% ферм ужо гатовыя да зімы. На астатніх аб'ектах работы яшчэ працягваюцца, у тым ліку ідзе іх перааснашчэнне, усталёўваюцца халадзільнікі, малакаправоды. Таксама фермы рыхтуюцца да работы ва ўмовах патрабаванняў новага рэгламенту па вытворчасці малака, які ўступіць у сілу з 1 студзеня 2011 года.
Па даных на 1 жніўня, колькасць дайнага статка ў гаспадарках Віцебскай вобласці складае 200,6 тыс. кароў і павялічылася на 3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года.-0-