У Віцебскай вобласці 23 нованароджаных немаўляты атрымалі званне «Дзіця міру»

В Витебской области 23 новорожденных малыша получили звание «Дитя мира»

Прадстаўнікі абласных, раённых і гарадскіх арганізацый Беларускага фонду міру традыцыйна ўручаюць пасведчанне «Дзіця міру» бацькам немаўлят, якія з'явіліся на свет у Міжнародны дзень міру, а таксама грашовыя прэміі са сродкаў Фонду міру. Сёлета найбольшая колькасць сертыфікатаў прыпала на Віцебск: 21 верасня тут з'явілася на свет 9 немаўлят, прычым усе хлопчыкі. Што даволі сімвалічна, бо менавіта яны – будучыя абаронцы міру. А вось на Аршаншчыне нарадзіліся тры дзяўчынкі, сярод якіх маленькая Міраслава Крывенкава. Такое сугучнае са святам імя маладая мама Марына (на фота) дала дачцэ, не зазіраючы ў каляндар знамянальных дат, але такі выбар цяпер лічыць шчаслівым супадзеннем.

Для адных бацькоў малое міру з'яўляецца першынцам, для іншых – новым членам вялікай сям'і. Напрыклад, для мужа і жонкі Фёдаравых з Віцебска маленькі Савелій стаў чацвёртым дзіцем.

Узнагароджанне адбылося ў Віцебску ў межах сустрэчы прадстаўніц Беларусі, Расіі, Японіі і Карэі. Акрамя таго, на ўрачыстым сходзе па ініцыятыве гасцей з Краіны ўзыходзячага сонца прайшла цырымонія сястрынства «Беларусь – Японія» і «Беларусь – Расія», якія сімвалізуюць адзінства жанчын трох краін у імя міру. Характэрна, што да дзеі далучыліся не толькі дарослыя. Незвычайны рытуал аб'яднаў дзіцячыя творчыя калектывы «Карамелька» (Віцебск) і «Ангелы міру» (Масква). У гэты ж дзень прадстаўнікі Федэрацыі жанчын «За мір ва ўсім свеце» Карэі ўручылі дыпломы «Пасол міру» за актыўны ўдзел і развіццё міратворчага руху старшыні Віцебскага абласнога аддзялення БФМ Таццяне Тумановай, а таксама актывістам фонду Інне Хамутоўскай і Наталлі Лепешкінай.

У гэтым годзе мерапрыемствы акцыі «Дзіця міру» адбыліся напярэдадні Дня маці, што таксама сімвалічна. Як падкрэсліла Таццяна Туманова, мір пачынаецца з сям'і, а будучыня нацыі – у матчыных руках. Таксама Таццяна Уладзіміраўна паведаміла, што гэтая добрая традыцыя Беларускага фонду міру абавязкова будзе мець працяг – для падтрымання і папулярызацыі каштоўнасці паняццяў міру і сям'і.

Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"