У Віцебскай вобласці 78 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны перасягнулі векавы юбілей
25 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці 78 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх 72 жанчыны, перасягнулі векавы юбілей. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб'яднання ветэранаў Генадзь Герасімовіч.
Самым шаноўным ветэранам з'яўляецца 116-гадовая Адэля Іванаўна Баркоўская з Талачынскага раёна. Сёння палку стагадовых ветэранаў прыбыло. Грамадскасць, моладзь і ўлады пасёлка Руба павіншавалі з векавым юбілеем удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Васільевіча Леанова. Ваяваў, выпрабаваў цяжкасці нямецкага палону, у пасляваенныя гады працаваў у вёсцы кавалём і ў лясной гаспадарцы – такой ёсць біяграфія ветэрана. Нягледзячы на пражытыя гады, ён не страціў здаровага аптымізму і бадзёрасці духу. "Мой сакрэт даўгалецця – не піць, не паліць, і жанчын любіць", - жартуе Іван Васільевіч.
Паводле звестак на 1 верасня, у вобласці пражываюць 6553 ветэрана вайны, з іх 5282 з'яўляюцца ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Як адзначыў Генадзь Герасімовіч, два разы на год улады сумесна з сацыяльнымі службамі і саветамі ветэранаў праводзяць абследаванне сацыяльна-бытавых умоў ветэранаў. Мясцовыя ўлады аказваюць дапамогу ў нарыхтоўцы паліва, агародніны на зіму. Штогод праводзіцца абследаванне стану іх здароўя. -0-