У Віцебскай вобласці 80% носьбітаў вонкавай рэкламы належаць прыватным аператарам

23 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. На Віцебшчыне 80% носьбітаў вонкавай рэкламы належаць прыватным аператарам. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Дзяржаўныя рэкламныя прадпрыемствы створаны ва ўсіх буйных гарадах вобласці. Аднак толькі ў Наваполацку дзяржпрадпрыемства мае больш за 100 рэкламных канструкцый і займае дамінуючае становішча на рынку рэкламных паслуг горада. У Оршы, Полацку дзяржаўным аператарам належыць 20 і 2 канструкцыі адпаведна, а ў Віцебску дзяржпрадпрыемству "Віцебскрэклама" не належыць ні адзін білборд. На думку Алега Мацкевіча, кантроль за рэкламнай дзейнасцю з боку райвыканкамаў носіць павярхоўны характар і ажыццяўляецца фармальна. Напрыклад, у Гарадоцкім раёне падчас маніторынгу ўстаноўлена наяўнасць 20 аб'ектаў, якія не маюць пашпартоў рэкламы, у Верхнядзвінскім - 12, у Докшыцкім - 11. Такая няўвага да дзейнасці аператараў вядзе да недаступлення сродкаў у бюджэт ад размяшчэння рэкламы. Так, Гарадоцкі раён штомесяц мог бы атрымліваць дадаткова больш за Br1 млн. Па аб'ёме паступленняў ад рэкламы вобласць з'яўляецца аўтсайдарам у рэспубліцы: за 6 месяцаў бягучага года ў казну паступіла ўсяго Br443 млн. Аблвыканкам не задаволены таксама размяшчэннем, тэхнічным станам і эстэтычным выглядам рэкламных канструкцый у вобласці. У гарадах і райцэнтрах па-ранейшаму ўсталёўваюцца шчытавыя канструкцыі. За паўтара года не з'явілася ніводнай аб'ёмна-прасторавай, дынамічнай рэкламы. У сувязі з тым, што ў рэспубліцы адсутнічаюць вытворцы рэкламнага абсталявання, аблвыканкам прыняў рашэнне разгледзець магчымасць стварэння сучаснага прадпрыемства па яго выпуску на базе наваполацкага прадпрыемства "Вымяральнік". -0-