У Віцебскай вобласці беспрацоўныя ідуць у бізнес, а зарплата расце хутчэй, чым у іншых рэгіёнах. Аляксандр Хрыстафораў распавёў пра сітуацыю на рынку працы

В Витебской области безработные идут в бизнес, а зарплата растет быстрее, чем в других регионах. Александр Христофоров рассказал о ситуации на рынке труда
5 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны і 100-годдзе ўтварэння органаў сацыяльнай абароны. Сёння сацыяльна-працоўная сфера з'яўляецца адным з найбольш складаных і шматгранных складнікаў у жыцці краіны, што закранае інтарэсы кожнага чалавека і кожнай сям'і, уплывае на сацыяльны настрой грамадства. Як у гэтым плане абстаюцца справы ў Віцебскай вобласці, карэспандэнт «Віцебскіх вестак» пацікавілася ў старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандра Хрыстафорава.

 – Аляксандр Мікалаевіч, чым азнаменаваны юбілей у працы камітэта, упраўленняў і 40 падпарадкаваных устаноў сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва вобласці?

 – Падводзячы папярэднія вынікі года, можна адзначыць станоўчыя тэндэнцыі ў частцы сацыяльна-працоўных адносін і заработнай платы, занятасці насельніцтва, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння, паляпшэння ўмоў і аховы працы.

 Гэта пацвярджае прагназуемая сітуацыя на рынку працы. Вось некалькі лічбаў. Узровень зарэгістраванага ў вобласці беспрацоўя на 1 снежня мінулага года склаў 0,4% (знізіўся на 0,3% да аналагічнага перыяду 2017-га).

Ва ўсіх раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання ён не перавысіў гранічна дапушчальны. На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па дадзеных на 1 снежня стаялі на 40% менш беспрацоўных (2179), чым на гэты дзень у 2017 годзе.

Колькасць вакансій, заяўленых наймальнікамі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, на пачатак снежня складала 6,7 тыс., што больш чым у тры разы перавышае колькасць беспрацоўных.

Дзякуючы рэалізацыі падупраграмы 1 «Садзейнічанне занятасці насельніцтва» Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016 – 2020 гады ў студзені-лістападзе мінулага года на пастаянную працу ўладкаваліся 21,3 тыс. чалавек, з іх больш за палову – беспрацоўныя.

Навучанне прайшлі звыш тысячы, часовай занятасцю ў выглядзе аплатных грамадскіх работ былі забяспечаны 4,5 тыс.

Садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці з выдзяленнем субсідыі аказана 183 беспрацоўным

На новае месца жыхарства і працы перасяліліся 46 сем'яў беспрацоўных. Арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці 45 інвалідаў. Па папярэдніх звестках, у мінулым годзе за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкавана 6,2 тыс. чалавек.

 – Ёсць праца – павінна быць і зарплата. Якая яна сёння ў вобласці?

 – Віцебская вобласць займае другое месца ў Беларусі па тэмпе росту рэальнай зарплаты, які дасягнуў 113,3%.

Сярэднямесячная зарплата за студзень – лістапад мінулага года ў параўнанні з 2017-м павялічылася на 18,7% і складае 803 рублі, у тым ліку ў лістападзе – 838 рублёў. Але супакойвацца нельга, нам усім трэба будзе сур'ёзная праца ў гэтым напрамку.

 – Здароўе працаўнікоў – адзін з найважнейшых індыкатараў, які вызначае якасць працоўных рэсурсаў, прадукцыйнасць працы, дэмаграфічную сітуацыю. Што мяняецца да лепшага ў гэтай частцы?

 – Узровень прафесійнай захворваемасці ў Віцебскай вобласці – адзін з самых нізкіх у краіне. Прыняты шэраг кіраўніцкіх рашэнняў для забеспячэння ў вобласці комплекснай і сістэмнай працы па ахове працы.

Запланаваныя мерапрыемствы выконваюцца з апярэджаннем. Толькі за 9 месяцаў мінулага года на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасцей было зрасходавана звыш 25 млн руб.

У сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і прамысловасці прайшлі месячнікі бяспекі працы, мабільнымі групамі праведзена звыш 3 тыс. рэйдаў. Усё гэта дазволіла прывесці ў адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі патрабаваннямі 454 рабочых месцы з шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, дзе заняты 750 чалавек, палепшыць умовы працы для 765.

 – Амаль траціна жыхароў нашай вобласці (338,4 тыс. чалавек) – пенсіянеры. Для іх важны памер і своечасовасць пенсійных выплат. Ці ёсць у сувязі з гэтым прычыны для неспакою бабуль і дзядуляў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а таксама людзей з інваліднасцю?

 – Пенсіі на Віцебшчыне выплачваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны. Чатыры разы за мінулы год (1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада) павышаліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі да іх, што было выклікана ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Па рашэнні кіраўніка дзяржавы ў сувязі з ростам сярэдняй зарплаты тройчы быў пераразлік працоўных пенсій (1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада), у выніку чаго іх сярэдні памер да канца года павялічыўся на 24,2%. Па папярэдніх ацэнках, фактычныя выдаткі на пенсійныя выплаты ў нашай вобласці за мінулы год складуць 1476 млн руб.

 – Адной з мэт сацыяльнай службы з'яўляецца паляпшэнне якасці жыцця адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, клопат пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Што зроблена ў справаздачным перыядзе для іх?

 – Толькі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных сацыяльных устаноў (інтэрнатаў, аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, прытулкаў) зрасходавана больш за 900 тыс. руб. бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.

Працягнуліся рэканструкцыя, капітальны рамонт аб'ектаў у трох установах, выканана цеплавая рэабілітацыя сцен у Віцебскім доме-інтэрнаце. Спектр аднаразовых паслуг, якія аказваюцца тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, становіцца шырэй як у горадзе, так і на вёсцы.

Дапамогай на даму ахоплена больш за 15 тыс. адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў

Мацярыальную дапамогу са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання атрымалі больш за 15 тыс. чалавек і больш за 40 тыс., якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях і маюць патрэбу ў дадатковых мерах сацыяльнай падтрымкі. Бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечаны 4 тыс. дзяцей першых гадоў жыцця.

 – Мяркуючы па выніках, дзейнасць абласной сацыяльнай сістэмы, дзе занята больш за 6 тысяч работнікаў, вельмі запатрабавана.

 – Гэта абавязвае быць прафесіяналамі, добрасумленна працаваць. У сувязі са святам і юбілеем хачу выказаць словы падзякі ўсім калегам. Будзем і ў новым стагоддзі сваёй багатай ведамаснай гісторыі удасканальваць сацыяльнае абслугоўванне і забеспячэнне, старацца на карысць жыхароў Віцебшчыны, неўхільна падтрымліваючы сацыяльна арыентаваную палітыку дзяржавы.

"Віцебскія весці".