У Віцебскай вобласці больш за 1,5 тысячы сем'яў прызначаны матчын капітал
Апошнім часам жанчыны Віцебшчыны смелей ідуць за другім і наступным дзіцем. Шматдзетным сем'ям, у якіх малодшыя з'явіліся пасля 1 студзеня 2015 года, у пэўным плане пашанцавала крыху больш. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей» устаноўлена адначасовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тыс. долараў ЗША пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. Так званы сямейны капітал належыць шматдзетным бацькам на дзіця, якое з'явілася на свет з пачатку 2015 года да канца 2019-га. Некаторыя мамы і таты ўжо падалі заяву на атрыманне новага для Беларусі віду падтрымкі.
Паводле даных камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, за час дзеяння ўказа больш за 1,5 тысячы жыхароў рэгіёна скарысталіся правам на прызначэнне сямейнага капіталу, з іх амаль 400 – у першым квартале 2016 года.
Нагадаем, што налічанымі безнаяўнымі сродкамі атрымальнікі змогуць скарыстацца пры дасягненні паўналецця дзіцяці і толькі на пэўныя мэты (адукацыя, жыллё, здароўе, сацыяльныя патрэбы).
Гэта новаўвядзенне – дадатковая мера падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Традыцыйна аказваецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога не толькі шматдзетным бацькам.
– У 2015 годзе штомесячныя і адначасовыя сацыяльныя дапамогі ў вобласці атрымалі больш за 2 тыс. няпоўных сем'яў (большая частка ад агульнай колькасці прызначэнняў, а менавіта 32%), звыш 1,9 тыс. шматдзетных і амаль 800 поўных сем'яў, якія выхоўваюць адно або двух непаўналетніх дзяцей, што крыху больш у параўнанні з 2014-м, – кажа галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Алена Харкевіч.
Алена СЫС, «Віцебскія весці». Фота аўтара.