У Віцебскай вобласці Br3 млрд падатку прад'яўлена да выплаты з пачатку года фізічным асобам, якія хаваюць даходы

В Витебской области Br3 млрд налога предъявлено с начала года к уплате скрывающим доходы физлицам

У Віцебскай вобласці Br3 млрд падаходнага падатку прад'яўлена да выплаты фізічным асобам у выніку выяўлення ценявых даходаў грамадзян з пачатку года. Пра гэта паведаміў сёння першы намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Віцебскай вобласці Валерый Лабацэвіч, выступаючы з дакладам на пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Падатковымі органамі рэгіёна пастаянна вядзецца работа па выяўленні ценявых даходаў фізічных асоб. У цэлым за 4 месяцы гэтага года дэкларацыі аб даходах і маёмасці запатрабаваны ў 1,6 тыс. чалавек, да выплаты прад'яўлена Br3 млрд падаходнага падатку. Акрамя таго, асаблівая ўвага ў гэтым годзе надаецца ажыццяўленню кантролю за даходамі людзей, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні расходаў дзяржавы. У гэтых мэтах у рэгіёне фарміруецца спецыяльны рэестр працаздольных грамадзян, якія не маюць афіцыйных крыніц сродкаў на тэрыторыі Беларусі.

"На дадзены момант рэестр змяшчае даныя аб 32 тыс. жыхарах вобласці. Больш за ўсё іх у Віцебску (7,5 тыс.) і Полацку (4,9 тыс.). З іх амаль у тысячы ўжо запатрабавана дэкларацыя аб даходах і маёмасці. Па выніках праверкі амаль 140 грамадзянам прад'яўлены да выплаты падаходны падатак у суме Br1 млрд", - сказаў Валерый Лабацэвіч.

Гэтыя сумы здаюцца, на першы погляд, нязначнымі ў параўнанні з запазычанасцю па падаходным падатку, які ўтрымліваюць прадпрыемствы і арганізацыі са сваіх работнікаў (на сённяшні дзень яна складае па вобласці Br40,5 млрд). Але, з іншага боку, работа па выяўленні сацыяльных утрыманцаў толькі пачынаецца, а прыцягненне іх да фінансавання бюджэтнай сферы з'яўляецца задачай, вызначанай на дзяржаўным узроўні. Да таго ж гэтая работа цесна звязана з выяўленнем ілжэпрадпрымальніцкіх структур і заробкаў "у канвертах". Напрыклад, падчас праверак у Віцебскай вобласці з пачатку года спынена 360 фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці і ўстаноўлена 17 наймальнікаў, якія выплачвалі заробак неафіцыйна.

Асобную катэгорыю фізічных асоб складаюць грамадзяне, якія здаюць жылыя памяшканні ўнаём. Такіх на ўліку стаіць больш за 9 тыс., і выяўленне "нелегалаў" таксама з'яўляецца адной з актуальных задач. Штогод павялічваецца колькасць асоб, якія сталі плацельшчыкамі падаходнага падатку ў фіксаваных сумах. Дадзенай катэгорыяй людзей у 2015-м ужо сплачана Br3,5 млрд.

Акрамя таго, у бягучым годзе вылічана Br56 млрд плацяжоў за зямлю і падатку на нерухомасць, што амаль на Br16 млрд перавышае ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года.

Кацярына Князева