У Віцебскай вобласці БРСМ дае старт акцыі "Пункты міру"

На мітынгах у падтрымку міру, бяспекі і спакою ў Беларусі, а таксама ў пэўных месцах, узгодненых з мясцовымі органамі ўлады, актывісты саюза моладзі будуць бясплатна раздаваць усім ахвотным дзяржаўныя сцягі Беларусі і чырвона-зялёныя стужачкі, што ўвасабляюць наш сцяг.

«Наш сцяг сімвалізуе ўсё лепшае, што ёсць сёння ў Беларусі. У гэтым годзе мы святкуем 75-годдзе міру ў краіне, а гэта і ёсць галоўнае дасягненне. Але хочацца, каб нашы грамадзяне заўсёды выразна разумелі і ведалі пра тое, што зроблена суверэннай Беларуссю, і не мянялі сваю пазіцыю пад уплывам каго-небудзь. Мы любім сваю краіну і хочам міру і спакою, а галоўнае працягваць і далей жыць сваім розумам» - распавёў другі сакратар абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў.

Старт праекта ў Віцебскай вобласці будзе дадзены сёння ў абласным цэнтры падчас правядзення грамадска-культурнай акцыі «Беларусь – гэта мы!». Мэта праекта "Пункты міру" - папулярызацыя нацыянальнай сімволікі.