У Віцебскай вобласці БРСМ запускае акцыю «Біяграфія маладосці нашай»
На Віцебшчыне праходзіць акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Біяграфія маладосці нашай».
У межах праекта ветэраны студэнцкіх атрадаў могуць прынесці ў тэрытарыяльныя камітэты БРСМ запісаныя ўспаміны, ацыфраваныя фотаздымкі і відэаматэрыялы, памятныя рэчы – значкі, медалі, байцоўкі, якія ў будучыні ўвойдуць у летапіс студатрадаўскага руху.
– Праз гісторыі людзей, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі папулярнага моладзевага руху і ўнеслі ўклад у яго развіццё, мы паспрабуем перадаць дух таго часу і паказаць іх жыццё і працу як прыклад для сучасных хлопцаў і дзяўчат, – расказаў першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол.
Дарэчы, Саюз моладзі сумесна з Міністэрствам адукацыі прыступіў да стварэння кнігі аб гісторыі студатрадаўскага руху, у якую ўвойдуць матэрыялы, сабраныя падчас акцыі «Біяграфія маладосці нашай».