У Віцебскай вобласці будуць утвораны 60 выбарчых акруг па выбарах у аблсавет

18 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці будуць утвораны 60 выбарчых акруг па выбарах у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў 26 склікання. Такое рашэнне прынята сёння на сесіі абласнога Савета дэпутатаў 25 склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Іосіфа Бакевіча, у вобласці з 1999 года склалася аптымальная колькасць акруг - 60, якая дазваляе забяспечыць абранне дэпутатаў, фарміраваць паўнавартасныя, працаздольныя пастаянныя камісіі Савета па ключавых сферах грамадскага жыцця. "Такую ж колькасць акруг прапануецца ўстанавіць для правядзення выбараў у абласны Савет дэпутатаў 26 склікання з сярэдняй колькасцю выбаршчыкаў 14 тыс. 769 чалавек", - паведаміў ён. Пры гэтым мінімальная колькасць выбаршчыкаў у акрузе складае 12 тыс. 292 чалавекі, а максімальная не павінна перавышаць 16 тыс. 246 выбаршчыкаў. Згодна са стаццёй 15 Выбарчага кодэкса Беларусі, для правядзення выбараў у абласныя Саветы дэпутатаў фарміруюцца ад 40 да 60 выбарчых акруг, якія ўтвараюцца не пазней за пяць месяцаў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў дзеючага склікання. Выбарчыя акругі ўтвараюцца з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў, адхіленне не павінна перавышаць 10%. Як паведамляла БЕЛТА раней, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі ў другой палове вясны 2010 года, прыкладна ў красавіку.-0-