У Віцебскай вобласці будуць папулярызаваць кароткачасовыя групы ў дзіцячых садках на вёсцы

У Віцебскай вобласці плануецца павялічыць колькасць груп кароткачасовага знаходжання ў дзіцячых садках для большага ахопу дашкольнай адукацыяй у сельскай мясцовасці. Аб гэтым паведаміў сёння на падагульняючым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама начальнік упраўлення Дзмітрый Хома.

У вобласці пражывае больш за 64 тыс. дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. На працягу двух гадоў працэнт дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі, застаецца стабільна высокім і складае 74%. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту заняты падрыхтоўкай да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Разам з тым у сельскай мясцовасці ён знізіўся з 45,1% да 43,8%. І гэта тэндэнцыя не аднаго года.

"Аддзелам адукацыі, спорту і турызму неабходна знайсці рэзервы для павышэння гэтага паказчыка, у тым ліку за кошт адкрыцця груп з гнуткім рэжымам знаходжання дзяцей, з прадастаўленнем магчымасці бацькам прыводзіць дзяцей на 2-3 гадзіны ўжо функцыянуючыя групы. Такія формы арганізацыі дашкольнай адукацыі запатрабаваныя бацькамі", - адзначыў Дзмітрый Хома. У вобласці дзейнічаюць 194 групы кароткачасовага знаходжання, якія наведваюць больш за 1,7 тыс. дзяцей. Гэта сёмы паказчык па краіне. Прычыну ўпраўленне адукацыі бачыць у недастатковай інфармацыйнай рабоце з бацькамі па тлумачэнні заканадаўча ўстаноўленых умоў атрымання дашкольнай адукацыі. Таму дадзена ўказанне ў кожным раёне правесці акцыю "Ідзем разам у дзіцячы сад" для максімальнага інфармавання ўсіх сем'яў з дзецьмі.

У цэлым дзяржаўны сацыяльны стандарт забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі выкананы з перавышэннем і складае 98% - на 3% вышэй, чым у мінулым годзе. У 2017 годзе неабходна яшчэ завяршыць будаўніцтва дзіцячых садкоў у Віцебску (мікрараён Білева-2), Оршы, Глыбокім.

Кацярына Князева - БЕЛТА.