У Віцебскай вобласці ўшанавалі першага трохтысячніка на збожжаўборачнай кампаніі

Валянцін Яшчанка з УП «Рудакова» Віцебскага раёна ўзяў чарговы рубеж, першым у вобласці намалаціўшы 3 тыс. т збожжа.

Ушанаванне перадавіка прайшло побач з віцебскім мікрараёнам Білева на полі з аўсом, які дае 45 цэнтнераў на круг. У гутарцы з журналістамі Валянцін Яшчанка распавёў, што за яго рады сям'я і бацькі, якія бачаць сына па тэлевізары і ў газетах. Трэцяя тысяча тон далася цяжэй за астатнія, бо намалачваў яе на яравых збожжавых, у якіх ураджайнасць крыху ніжэйшая, чым у азімых. Але ёсць магчымасць замахнуцца і на 4 тыс. т. Камбайнер родам з Шаркаўшчынскага раёна, у 2016 годзе пераехаў у Віцебскі. У Валянціна Юр'евіча трое дзяцей, сям'я мае кватэру ў Тулава.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што адчувае пачуццё радасці і гонару як за Валянціна Яшчанку, так і за ўсіх хлебаробаў Віцебшчыны. Яны рэальна здзяйсняюць подзвіг, працуючы практычна ў кругласутачным рэжыме і годныя слоў падзякі. Надвор'е спрыяе таму, каб убраць ураджай без страт. У цэлым асенняе жніво праходзіць няпроста, але аграрыі Віцебшчыны пакуль спраўляюцца з выкананнем намечаных планаў.


Старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч канстатаваў, што сёння рэгіён перасягнуў намалот мінулага года, і аграрыі настроены перавысіць 100 тыс. т.

На ўчарашні вечар на Віцебшчыне было 74 камбайнёры-тысячнікі (з іх 30 у Віцебскім раёне). Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў выказаў упэўненасць, што з кожным днём колькасць перадавікоў будзе няўхільна расці.

Ад імя гараджан Валянціна Яшчанку і ўсіх хлебаробаў Прыдзвіння павіншаваў старшыня Віцебскага гарвыканкама Мікалай Арлоў. Ён падзякаваў за стаўленне да зямлі, якая сёлета шчодрая.

Дыплом, сертыфікат на суму ў 10 базавых велічынь і каштоўны падарунак камбайнёру ўручыла старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ерма.

Генеральны дырэктар Полацкага малочнага камбіната Уладзімір Сафронаў адзначыў, што ў сістэме Полацкага аграпрамысловага аб'яднання (УП «Рудакова» ўваходзіць у яго з вясны гэтага года) на гаспадарку прыпадае больш за 20% агульнага намалоту. Ад імя калектыву АПА Уладзімір Сафронаў уручыў Валянціну Яшчанку прэмію ў памеры 3 тыс. руб.

Як паведаміў дырэктар УП «Рудакова» Андрэй Бенько, клін збожжавых і зернебабовых у сельгаспрадпрыемстве складае 7,6 тыс. га, убрана 83% плошчаў пры ўраджайнасці 43 ц/га. На палях працуюць 24 экіпажы камбайнаў, з іх сем – тысячнікі.

"Віцебскія весці"