У Віцебскай вобласці колькасць працуючых па заяўным прынцыпе прадпрымальнікаў вырасла ў тры разы
Анжаліка Нікіціна падкрэсліла, што ў канцы мінулага года быў прыняты пакет дакументаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу, у адпаведнасці з якім мінімізуецца ўмяшанне дзяржавы ў эканамічную дзейнасць суб'ектаў гаспадарання. Праца ў новых умовах дала свой вынік. Так, назіраецца станоўчая дынаміка залучэння насельніцтва ў эканоміку рэгіёнаў дзякуючы ўказу №337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб", які дазваляе працаваць грамадзянам без афармлення індывідуальнага прадпрымальніцтва. "Калі на 1 студзеня 2018 года па заяўным прынцыпе працавалі 272 чалавекі, то на 1 чэрвеня ва ўсіх раёнах вобласці - 850 чалавек. Адзначаецца рост колькасці асоб, якія ажыццяўляюць рамяство. За апошні год іх колькасць узрасла на 25% і склала па выніках 2017 года 3,8 тыс. чалавек. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што для заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю створаны дастаткова камфортныя ўмовы", - канстатавала старшыня камітэта эканомікі.
З 26 лютага 2018 года ў Беларусі ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні дэкрэта №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" - ключавога дакумента па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу, якім максімальна сістэматызаваны і скарочаны патрабаванні да вядзення бізнесу. У адпаведнасці з дакументам рэалізуецца паведамленчы прынцып пачатку вядзення бізнесу для шэрагу відаў эканамічнай дзейнасці.
"Гэты прынцып з'яўляецца альтэрнатывай дазвольнаму. Шэраг прадпрымальнікаў прытрымліваюцца пункту гледжання, што наяўнасць дазволу дае больш гарантый і нясе менш рызык, чым дзейнасць па паведамленні пад уласную адказнасць, - адзначае Анжаліка Нікіціна. - Але паведамленчы механізм адназначна прасцей, хутчэй і звязаны з меншымі выдаткамі. На практыцы механізм працуе, на 1 чэрвеня 2018 года ў мясцовыя органы
пададзена 113 паведамленняў, або 6% ад усіх паведамленняў рэспублікі".Для суб'ектаў гаспадарання, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, бытавое абслугоўванне насельніцтва на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў, указам №345 "Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання" уведзены падатковыя льготы і прэферэнцыі. У Віцебскай вобласці пад дзеянне ўказа трапіла амаль 5,7 тыс. населеных пунктаў, або 90% ад іх агульнай колькасці.
БЕЛТА.