У Віцебскай вобласці дзейнічае звыш 1,1 тыс. пярвінных ветэранскіх арганізацый

4 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці дзейнічае звыш 1,1 тыс. пярвінных ветэранскіх арганізацый. Аб гэтым паведаміў сёння на VIII Пленуме Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў яе старшыня Генадзь Герасімовіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У рэгіёне на працягу апошніх дзесяці гадоў адзначаецца станоўчая тэндэнцыя павелічэння ветэранскіх пярвічак. Так, у 2000 годзе іх было 867, у 2005-м - 1097, а на 1 студзеня 2010 года - ужо 1143. "Стварэнне гэтых структур мае асаблівае значэнне, бо паспяховай наша праца можа быць толькі тады, калі рэзультатыўна працуюць пярвічкі - аснова Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў", - падкрэсліў Генадзь Герасімовіч. Пры гэтым напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі роля і месца пярвінных ветэранскіх арганізацый значна ўзрастае. Сумесна з раённымі і гарадскімі саветамі ветэранаў, мясцовымі органамі ўлады яны прымаюць удзел у падрыхтоўцы святочных урачыстасцей, ушанаванні ветэранаў. Як адзначыў Генадзь Герасімовіч, у падрыхтоўцы да гэтай знамянальнай даты неабходна надаць павышаную ўвагу якаснаму абследаванню сацыяльна-бытавых умоў жыцця ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу, сем'яў загінулых у гады вайны, былых малалетніх вязняў, адзінокіх і адзінока пражываючых ветэранаў, іншых катэгорый, аказанні ім адраснай сацыяльнай дапамогі, маральнай падтрымкі, а таксама ўдакладніць ступень ахопу паглыбленым медыцынскім абследаваннем, лячэннем і аздараўленнем. Акрамя таго, неабходна больш актыўна прыцягваць ветэранаў да ўдзелу ў інфармацыйна-прапагандысцкіх і святочных мерапрыемствах, накіраваных на гераічна-патрыятычнае выхаванне моладзі, падкрэсліў кіраўнік абласной арганізацыі ветэранаў.-0-