У Віцебскай вобласці дзяцей з парушэннем зроку кожны год становіцца на 800 больш
На дадзены момант на Віцебшчыне на дыспансерным назіранні ў афтальмолагаў знаходзіцца 6 тыс. дзяцей з парушэннямі зроку, з іх большасць – школьнікі. Гэта крыху менш за 3% ад агульнай колькасці непаўналетніх – здаецца, не так і шмат. Аднак той факт, што кожны год на дыспансерны ўлік бярэцца 800 новых пацыентаў, прымушае задумацца.
– Сапраўды, праблема існуе, – каментуе загадчыца афтальмалагічным аддзяленнем для дзяцей абласной бальніцы Зоя Далжанкова (на фота). – Узяць хоць бы той факт, што на дадзены момант у Віцебску, пры яслях-садзе №96 функцыянуюць чатыры спецыялізаваныя групы для выхаванцаў з парушэннямі зроку, аналагічныя групы працуюць у Полацку, Оршы, Наваполацку. Усяго ў іх на дадзены момант каля 160 малышоў – з прыроджанай блізарукасцю, касавокасцю і амбліопіяй. І такіх дзяцей, на жаль, з году ў год становіцца ўсё больш. Прырост назіраецца сярод школьнікаў, у якіх часцей за ўсё сустракаецца высокая альбо сярэдняя ступень блізарукасці. Прычым з такімі парушэннямі да афтальмолагаў звяртаюцца ў асноўным падлеткі 11 – 14 гадоў. Блізарукасць сёння развіваецца ў дзяцей, як правіла, з-за зрокавай нагрузкі на вочы і кампутарызацыі.
Таксама сярод фактараў, якія негатыўна ўплываюць на зрок, спецыяліст называе спадчынную схільнасць, залішнюю масу цела, парушэнне абмену рэчываў, працу пры недастатковым асвятленні, дэфіцыт вітаміна А, уздзеянне УФ-выпраменьвання, працяглае сядзенне перад тэлевізарам і камп'ютарам, маларухомы лад жыцця, экалагічную абстаноўку.
Дарэчы
Для лячэння паталогій вачэй у абласной бальніцы ёсць усё неабходнае. Пакуль дзіцячыя афтальмолагі праводзяць аперацыі на абсталяванні, на якім лечаць і дарослых, а з пераездам у абласны дзіцячы
клінічны цэнтр у іх распараджэнні з'явіцца ўласная апаратура, у тым ліку і для мікрахірургіі.– Парушэнні зроку карэктуюцца акулярамі або кантактнымі лінзамі, але важна разумець, што пры гэтым могуць расцягвацца сеткавіца, узнікаць яе дэгенератыўныя змены, утварацца ачагі, памутненні у шклопадобным целе, звужацца поле зроку. Калі своечасова не прыняць меры, то ў далейшым ёсць рызыка развіцця блізарукасці, а затым – абмежавання пры выбары спецыяльнасці, кіраванні аўтамабілем і іншае. А ведь нашым дзецям яшчэ трэба выбіраць прафесію, ісці ў дарослае жыццё, будаваць будучыню, – кажа Зоя Аркадзьеўна. – Паказаць малога афтальмолагу бацькі павінны ўжо на першым годзе яго жыцця, затым – у 2 – 3 гады, перад паступленнем у школу і ў 11 – 14 гадоў. Акуліста неабходна наведваць раз у год.
Каб паменшыць рызыку развіцця парушэнняў зроку ў падрастаючага пакалення, неабходна прымяняць найпрасцейшыя меры прафілактыкі, у чым неацэнная роля бацькоў. Варта як мага даўжэй не знаёміць малога з тэлевізарам, камп'ютарам, планшэтам і іншымі гаджэтамі. А ў далейшым паспрабаваць скараціць такое «сур'ёзнае» да мінімуму. Для малодшых школьнікаў яно за раз не павінна перавышаць 10 хвілін, для старэйшакласнікаў – не больш за паўгадзіны. Затым абавязкова зрабіць перапынак і выканаць спецыяльныя практыкаванні, хаця б часта паміргаць, каб зняць напружанне. Важна забяспечыць правільнае асвятленне, становішча перад экранам (прама перад вачыма і на адлегласці выцягнутай рукі). Не дазваляць дзіцяці чытаць лежачы, падчас паездак у транспарце. У захаванні зроку вялікую ролю адыгрывае харчаванне: патрэбны малочныя прадукты, садавіна і гародніна, якія змяшчаюць вітаміны групы А, В, С, Е (напрыклад, капуста, бурак, грушы, яблыкі, морква, вінаград).
Аб мерах па прафілактыцы парушэнняў зроку пастаянна нагадвае і санэпідслужба. Галоўны санітарны лекар Віцебшчыны Уладзімір Сінкевіч падчас прэс-канферэнцыі ў абласным дзіцячым клінічным цэнтры з нагоды Дня здароўя школьнікаў акцэнтаваў увагу на выкананні санітарна-эпідэміялагічных нормаў у арганізацыі навучальнагамесцах. У прыватнасці, для паляпшэння асветленасці ва ўмовах школы рэкамендуецца сцены і паверхні сталоў у класах афарбоўваць у светлыя тоны, рэгулярна мыць шкляныя вокны, не ставіць на падваконні высокія кветкі і прадметы, якія закрываюць доступ святла. Пры рассаджванні вучняў павінна ўлічвацца, што ў першым шэрагу ад акна асвятленне звычайна добрае, а ў трэцім пры хмарным надвор'і можа быць недастатковым. Каб усе дзеці былі ў роўных умовах, кожнае паўгоддзе варта перасаджваць іх на іншы шэраг, пакідаючы на аднакававай адлегласці ад класнай дошкі.
– У выніку нагляднай дзейнасці санэпідэмслужбы прыведзены ў адпаведнасць з гігіенічнымі нарматывамі па асветленасці і электрамагнітным палям працоўныя месцы вучняў і 175 камп'ютарных класаў, – кажа Уладзімір Аляксеевіч.
Пры гэтым важна разумець, што элементарныя нормы павінны забяспечвацца не толькі ва ўстановах адукацыі, але і дома. І тут многае залежыць ад дарослых, ад таго, наколькі пісьменна і скрупулёзна яны падыдуць да захавання здароўя свайго дзіцяці і ўсёй сям'і.
Наталля РЫЖКОВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».