У Віцебскай вобласці дзеці змогуць бясплатна ездзіць на гурткі і секцыі
Вучні Віцебскай вобласці з 1 верасня 2018 года атрымаюць права бясплатнага праезду ў гарадскім грамадскім транспарце на дадатковыя заняткі ў гуртках і секцыях. Такое рашэнне прынялі сёння дэпутаты на сесіі абласнога Савета.
Дадатковыя меры па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў прыняты на падставе закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" і пастановы Савета Міністраў ад 16 лютага 2011 года №202 "Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў". Права на бясплатны праезд ва ўстановы дадатковай адукацыі, мастацкія, музычныя школы, а таксама на заняткі спартыўных секцый і розных гурткоў прадастаўляецца вучням устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, размешчаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Вырашана, што дзеці змогуць з 1 верасня па 30 чэрвеня бясплатна ездзіць на гарадскіх аўтобусах (акрамя экспрэсных маршрутаў), а таксама гарадскім электрычным транспарце. Права рэалізуецца вучнямі на падставе даведкі. Рашэнне ўступіць у сілу з 1 верасня 2018 года.