У Віцебскай вобласці да 2025 года рэалізуюць тры праекты дарожнай інфраструктуры

У Віцебскай вобласці на працягу пяці гадоў плануюць рэалізаваць тры буйныя праекты ў дарожнай інфраструктуры рэгіёну, паведаміў на сесіі абласнога Савета дэпутатаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус.

Па дзяржпраграме "Дарогі Беларусі" на 2021-2025 гады ў Віцебскай вобласці хочуць рэканструяваць дарогу Р46 на ўчастку Лепель - Полацк з будаўніцтвам абходу, моста праз Заходнюю Дзвіну і рэканструкцыяй існуючага моста ў Наваполацку. "На дарогу праектна-каштарысная дакументацыя ўжо гатовая, распрацоўваецца на абход Полацка і новы мост праз Заходнюю Дзвіну. На аднаўленне моста ў Наваполацку, які зачынілі ў чэрвені, на гэты год зыскана з рэспубліканскага бюджэту Br13 млн, работы былі пачаты", - адзначыў Уладзімір Белавус. Таксама сярод вялікіх аб'ектаў Віцебскай вобласці ў дзяржпраграме прапісана давядзенне трасы Віцебск - Орша да дарогі першай катэгорыі з чатырма палосамі і будаўніцтва абходу абласнога цэнтра.

Генеральны дырэктар КУП "Віцебскаблдарбуд" Уладзімір Мацвееў расказаў, што на балансе прадпрыемства знаходзяцца 3842 аўтадарогі агульнай працягласцю амаль 15 тыс. км, 45% з іх – гравійныя, 33% – з асфальтабетонным, цэментабетонным і брукаваным пакрыццём. Таксама на дарогах вобласці дзейнічае 857 мастоў. "Мясцовая дарожная сетка патрабуе вялікіх фінансавых асігнаванняў. На ўтрыманне і развіццё аўтадарог Віцебскай вобласці ў 2017-2020 гадах было выдзелена Br165,8 млн. Былі палепшаны эксплуатацыйныя характарыстыкі 911 км дарог і 176 паг.м мастоў", - адзначыў гендырэктар. За чатыры гады прадпрыемства на абнаўленне аўтапарку выдаткавала Br11,9 млн уласных сродкаў, набыта 260 адзінак тэхнікі. Зношанасць тэхнікі на пачатак года складала 60%.

Уладзімір Мацвееў дадаў, што па дзяржпраграме "Дарогі Беларусі" на 2021-2025 гады прадугледжваецца адрамантаваць больш за 1,2 тыс. км дарог, з іх не менш як 25 км па новых тэхналогіях, а таксама выканаць рэканструкцыю васьмі дарожных збудаванняў працягласцю 141 паг.м. На рэалізацыю праграмы запланавана Br374 млн.

"БЕЛТА"