У Віцебскай вобласці ёсць рэзервы для павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі - Мікалай Шарснёў

У Віцебску сёння адбылася цырымонія ўшанавання найлепшых жывёлаводаў рэгіёна.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі найлепшыя прадстаўнікі прафесіі з усіх раёнаў вобласці. Свае віншаванні са сцэны канцэртнай залы "Віцебск" ім адрасавалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, начальнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Мінсельгасхарчу Наталля Соніч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

"Фундаментам развіцця аграпрамысловага комплексу па праве з'яўляецца жывёлагадоўля. Кожны спецыяліст галіны ведае: малочная вытворчасць трымаецца на кармавой базе, дакладным выкананні тэхрэгламентаў. Любое адступленне ад тэхналагічных патрабаванняў безследна не праходзіць", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Па словах Мікалая Шарстнёва, рэгіёнам узяты курс на будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў. У 2019 годзе ў вобласці ўведзены ў эксплуатацыю 9 малочнатаварных ферм, уключаючы пускавыя комплексы. У бягучым годзе іх будаўніцтва працягваецца, запланавана адкрыццё яшчэ пяці аб'ектаў. Акрамя таго, з 2018 года ідзе будаўніцтва свінарэпрадуктара на 5 тыс. галоў асноўных свінаматак з камбікормавым цэхам і збожжасховішчам паблізу вёскі Пушкі Лёзненскага раёна. Такі ж аб'ект з'явіцца паблізу вёскі Гараны Аршанскага раёна. Сёлета завершыцца рэканструкцыя МТФ "Валохі" у гаспадарцы "Хацілы-Агра" Пастаўскага раёна.

"У вобласці ёсць рэзервы для павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі, - перакананы Мікалай Шарстнёў. - Першае - гэта рэканструкцыя невыкарыстоўваемых аб'ектаў з прымяненнем сучасных тэхналогій. Такі напрамак дазволіць абнавіць іх як у матэрыяльна-тэхнічным плане, так і ў тэхналагічным. Бо многія існуючыя памяшканні былі ўзведзены некалькі дзесяцігоддзяў таму, яны даўно састарэлі. Другое - будаўніцтва памяшканняў з прымяненнем хуткаўзводзімых драўляных і металічных канструкцый гаспадарчым спосабам. Гэта ў разы танней будаўніцтва, дазваляе вырашыць іншыя пытанні: замяніць працаёмкія працэсы на больш эканамічныя, істотна скараціць тэрміны ўводу памяшканняў у эксплуатацыю. Прычым на такіх аб'ектах можна дасягаць высокіх вытворчых вынікаў нароўні з аналагамі, якія выкананы з самых дарагіх модуляў".

Таксама трэба стварыць умовы для захоўвання кармоў. З гэтай мэтай штогод у вобласці ўводзіцца больш за 200 новых траншэй. Калі такія тэмпы ўдасца захаваць у гэтым і наступным годзе, то праблема будзе вырашана, падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Важнымі складнікамі паспяховай дзейнасці аграрнай галіны, на думку кіраўніка вобласці, з'яўляецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка маладых спецыялістаў і ўсебаковая падтрымка рабят, якія прыбылі па размеркаванні на працу. Яшчэ адзін ключавы фактар, які ўплывае на замацавальнасць кадраў, - павышэнне дабрабыту вяскоўцаў. "Аблічча сяла пераўтвараецца. Штогод мы маштабна ўладкоўваем па два пасёлка вобласці ў дадатак да райцэнтра, які прымае эстафету свята працаўнікоў сяла "Дажынкі". Думаю, гэта правільны шлях, які адкрывае перспектывы для рэалізацыі вяскоўцамі сваіх планаў, талентаў на роднай зямлі. Калі нароўні з добрай працай і зарплатай людзі будуць мець дабратнае жыллё, аб'екты сацыяльнай сферы, неабходную інфраструктуру, - вёска будзе жыць і развівацца", - адзначыў Мікалай Шарстнёў.

Мікалай Шарснёў выказаў словы прызнальнасці жывёлаводам за працу. "Вашы дасягненні павышаюць аўтарытэт аграрнай галіны. І гэта сведчыць аб тым, што ў нашых людзей ёсць рэзервы, каб упэўнена рухацца наперад, вырашаць амбіцыйныя і смелыя задачы", - рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.


 
БЕЛТА.