У Віцебскай вобласці фізічныя асобы-арэндадаўцы павялічылі плацяжы ў бюджэт амаль на чвэрць

У Віцебскай вобласці за студзень - чэрвень плацяжы ў бюджэт ад грамадзян, якія атрымліваюць даход ад здачы ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў, павялічыліся амаль на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе абласной падатковай інспекцыі.

За шэсць месяцаў ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у бюджэт паступіла каля Br1,6 млн. Паводле даных на 1 ліпеня, на ўліку ў падатковых органах знаходзяцца больш за 11,6 тыс. фізічных асоб, якія выплачваюць падаходны падатак у фіксаваных сумах. Гэта прыкладна на 8% менш, чым на 1 ліпеня 2020-га. Традыцыйна найбольшая колькасць грамадзян здае жыллё ў Віцебску, Полацку і Наваполацку.

Акрамя таго, на падатковым уліку ў інспекцыях Віцебскай вобласці знаходзяцца амаль 150 грамадзян, якія выплачваюць адзіны падатак за прадастаўленне належных ім на праве ўласнасці жылых памяшканняў для кароткатэрміновага пражывання. Ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у бюджэт паступіла Br40,3 тыс. адзінага падатку.

У першым паўгоддзі 2021 года падчас кантрольных мерапрыемстваў устаноўлены 12 грамадзян, якія здавалі жылыя памяшканні без выплаты падатку. У выніку даналічана Br1,1 тыс.

Удзельная вага грамадзян - плацельшчыкаў падаходнага падатку ў фіксаваных сумах складае каля 2,7% у агульнай колькасці фізічных асоб, якія выплачваюць падаткі ў Віцебскай вобласці.

За студзень - ліпень у фарміраванні бюджэту Віцебскай вобласці ўдзельнічалі амаль 426 тыс. фізічных асоб - прыкладна на 0,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2020-га.