У Віцебскай вобласці гараць дачы, цялятнікі і нават людзі з-за бессэнсоўнага выпальвання сухой травы
Чорныя ад сажы палі і берагі азёр, згарэлыя аборы і дамы, а часам нават чалавечыя ахвяры – да такіх наступстваў штогод прыводзіць безадказнае выпальванне сухой расліннасці.
Сакавік сёлета выдаўся надзіва сонечным і бясснежным. Аднак пагодлівыя дні прынеслі з сабой не толькі задавальненне ад шпацыраў пад вясновым небам, але і мноства клопатаў. Жыхары Віцебшчыны ўзяліся прыводзіць у парадак свае дачныя і прысядзібныя ўчасткі, вызваляючы іх ад леташняй лістоты і травы. Справа, безумоўна, патрэбная. Толькі шкада, што пры ўборцы многія грамадзяне, як кажуць, ідуць шляхам найменшага супраціву: замест таго, каб зграбаць смецце і выносіць з тэрыторыі, аддаюць перавагу чыркнуць запалкай і чакаць, пакуль пустазелле знікне ў агні. Пры гэтым людзі забываюць, што полымя можа лёгка перакінуцца на пабудовы. Так, да прыкладу, здарылася ў мінулы панядзелак у вёсцы Гараднянскі Мох Віцебскага раёна.
На наступны дзень мы пабывалі на месцы здарэння падчас рэйду па сельскіх населеных пунктах з прэс-сакратаром абласнога УМНС Марынай Фандо і першым намеснікам начальніка Віцебскага РАНС Сяргеем Лавейкіным. Перад нашымі вачамі паўстала бядотная карціна: абгарэлы напаўразбураны астов сарая і чорныя плямы выпаленай травы.
— Як узнік агонь, мы не ведаем. Тут пастаянна не жывём, дом выкарыстоўваем як дачу. Я прыехала з горада адразу пасля таго, як патэлефанаваў сусед і распавёў пра пажар, — патлумачыла сястра гаспадыні. — У сябе на ўчастку пустазелле мы прыбіраем своечасова, так што выпальваць яго нам не трэба.
Сапраўды, вакол дома зарасцей няма. Затое некаторыя суседнія ўчасткі такім жа парадкам пахваліцца не могуць: там сухая леташняя трава паўсюды. Дзе-нідзе бачныя чорныя плямы ад агню. Цалкам верагодна, што ў панядзелак вецер дапамог полымя дабрацца да гаспадарчых пабудоў.
— Папярэдне ўстаноўлена, што падчас уборкі тэрыторыі мясцовае насельніцтва выпальвала сухую расліннасць, — пракаментаваў здарэнне Сяргей Лавейкін. — У выніку загарэўся сарай. Далейшае развіццё пажару прадухілілі своечасова прыбыўшыя падраздзяленні МНС, яны не дапусцілі распаўсюджвання агню на жылы дом.
Гэтым разам усё скончылася адносна добра, бо сусед, які жыве праз дарогу, убачыў дым і паспеў выклікаць ратавальнікаў. Але ж фінал мог аказацца значна больш трагічным. Пазбегнуць падобных сітуацый даволі проста: восенню прыбіраць траву, а вясной не падпальваць пакінутую. Тым больш, што заканадаўства гэта забараняе. Але некаторыя грамадзяне робяць здзіўлены выгляд, калі чуюць пра магчымасць пакарання.
— Я прыбраць пустазелле не магу, касы няма, а парадак навесці трэба. Вось і палю траву, — заявіла супрацоўнікам МНС суседка пацярпелых у вёсцы Гароднянскі Мох. — Паняцця не мела, што рабіць гэтага нельга. Але я заўсёды сачу за агнём і да ўчаpашняга пажару дачынення не маю!
— Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за выпальванне сухой расліннасці, а таксама за няпрыняцце мер па ліквідацыі прыкідванняў накладаецца штраф ад 10 да 40 базавых велічынь. За развядзенне вогнішчаў у неўстаноўленых месцах — да 12 БВ, — патлумачыла ёй Марына Фандо. — Старую траву трэба выграбаць, а не падпальваць. Сваімі дзеяннямі вы парушаеце закон.
І такіх парушальнікаў, як паказаў рэйд, можна знайсці ў многіх населеных пунктах. Падчас паездкі мы не раз бачылі слупы дыму, якія падымаліся над дахамі. Нехта паліў на агародзе леташнюю ляту, а нехта вырашаў праблемы больш сур'ёзныя. Напрыклад, у вёсцы Гародняны адзін з прысядзібных участкаў аказаўся амаль акружаны шырокай выгарэлай паласой. То тут, то там на яе мяжы ажывалі языкі полымя. Мужчыны, якія сядзелі на завалінке, сказалі ратавальнікам, што сухая трава занялася ад вогнішча, разведзенага заезджымі рыбакамі каля возера. Спачатку агонь знішчаў прыбярэжны трыснёг, а затым перайшоў на поле, вось і даводзіцца яго цяпер тушыць падручнымі сродкамі, каб да дома не дайшло.
— Прычынамі такіх пажараў становяцца кінутыя недакуркі або непатушаныя вогнішчы, а таксама наўмыснае выпальванне сухой расліннасці, — патлумачыла Марына Фандо. — Адны парушальнікі проста спасылаюцца на незнанне таго, што падобнае рабіць нельга. Іншыя лічаць, што такім чынам хутчэй ачысціцца тэрыторыя і пачне расці зялёная трава.
Аднак міф аб карысці вясновых выпалаў, які існуе сярод насельніцтва, цалкам абверг кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры батанікі ВДУ імя П. Машэрава Леанард Мяржвінскі. Ён упэўнены, што ад выпальвання старой расліннасці значна больш шкоды, чым здаванай карысці.
— Мінулагодняя трава — гэта сонечная энергія, назапашаная ў выглядзе біямасы. Звычайна яна перапрацоўваецца рознымі жывымі арганізмамі і ўцягваецца ў біялагічны кругаварот. А пры спальванні гэтая энергія проста сыходзіць у космас, — сказаў Леанард Міхайлавіч. — Пры рэгулярным выпальванні расліннасці губляецца ўрадлівасць глебы, парушаецца яе механічны склад. А тыя мінеральныя рэчывы, якія ўтвараюцца ў выніку гарэння, лёгка вымываюцца вадой. Змяншаецца біялагічная разнастайнасць, паколькі гінуць у агні насенне адналетнікаў, кладкі птушак, якія будуюць гнёзды на зямлі (напрыклад, чыбісаў, жаваранкаў). Калі ж полымя перакідаецца на лес, там выгарае ўвесь хмызняковы ярус, на аднаўленне якога спатрэбяцца дзесяцігоддзі.
Вялікую небяспеку выпальванне травы ўяўляе і для чалавека. На Віцебшчыне ў апошнія дні па гэтай прычыне ўзнікла нямала пажараў, ужо знішчана мноства будынкаў і маёмасці. Так, у мінулую суботу ў вёсцы Жукі Горныя Шаркаўшчынскага раёна з падпаленай травы агонь перакінуўся на будынак цялятніка ААТ «Княж». Работнікі сельгаспрадпрыемства разам са ратавальнікамі паспелі эвакуіраваць жывёл, але пабудове нанесены істотны ўрон. У панядзелак гарэў дачны дом ва Ульшчыне (Мёрскі раён), пацярпелі ад агню дом, лазня і хлеў у вёсцы Фалевічы на Пастаўшчыне, а таксама дача і надворныя пабудовы ў Клетчына (Шумілінскі раён). У аўторак на Талачыншчыне падчас выпальвання сухой расліннасці каля свайго жытла ў вёсцы Зялёнае не справілася з полымем і сур'ёзна абгарэла пенсіянерка, атрымаўшы апёкі 85% цела. Хуткая дапамога, выкліканая суседзямі, даставіла пацярпелую ў Талачынскую ЦРБ. Нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў, якія спрабавалі выратаваць старую, на наступны дзень яна сканала. А 18 сакавіка полымя забрала жыццё віцябляніна: мёртвы мужчына быў знойдзены на вуліцы Карла Маркса на выгарэлым участку зямлі.
Лічба толькі зафіксаваных выпадкаў выпальвання сухой травы на Віцебшчыне за адзін тыдзень пераваліла за дзве сотні. Калі ўявіць, колькі падобных здарэнняў засталося, што называецца, за кадрам, то карціна атрымліваецца палохаючая. Супрацоўнікі МНС яшчэ раз звяртаюцца да жыхароў вобласці: не спрабуйце палегчыць сабе працу на ўчастку з дапамогай агню! Полымя — дрэнны памочнік, лепш выкарыстоўваць для ўборкі гаспадарчы інвентар. Тады не пацерпяць ні будынкі, ні людзі. Калі ўсё ж вырашылі распаліць каля дома вогнішча, то рабіць гэта можна толькі ў бязветранае надвор'е, адлегласць да збудаванняў павінна быць не менш за 10 м, а да лесу — як мінімум 30 м. І абавязкова трэба кантраляваць гарэние.
Не варта забываць пра правілы бяспечных паводзін і тым, хто выязджае адпачыць на прыроду. Пасля пікнікоў у лясах нярэдка застаюцца горы смецця і непатушаныя вогнішчы. Гэта, безумоўна, недапушчальна. Неабходна заўсёды прыбіраць за сабой, а напаленыя вугольчыкі заліваць вадой ці засыпаць зямлёй. Акрамя таго, у сувязі з пачаткам школьных канікул бацькам варта лішні раз нагадаць сваім дзецям пра тое, да чаго прыводзіць неабдуманае абыходжанне з агнём.
Лілія Іўчанка, "Віцебскія весці"