У Віцебскай вобласці ідзе маштабная замена ліфтаў

Да канца 2020 года ў буйных гарадах паўночнага рэгіёна краіны заменяць больш за 320 ліфтоў. З бюджэту на гэтыя мэты выдадуць больш за 3 мільёны рублёў. Новы ўзровень камфорту многія гараджане ўжо ацанілі.

За 2018 — 2019 гады згодна з падпраграмай «Бяспечны ліфт», якая ўваходзіць у комплексную Дзяржпраграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», толькі ў шматпавярховіках жылога фонду Віцебска замянілі амаль 430 ліфтоў. Сёлета ў абласным цэнтры збіраюцца абнавіць яшчэ 210 пад'ёмнікаў. У Наваполацку — 88, Полацку — 19, Оршы — 7, Навалукомлі — 2.

Сярод пераможцаў тэндэру на ўстаноўку абсталявання ад магілёўскага ліфтабудаўнічага завода ААТ «Віцебскліфт». Арганізацыя ўдзельнічала ў замене найбольшай колькасці ліфтоў у горадзе, на ёй на абслугоўванні толькі ў Віцебску лічацца 3,5 тысячы пад'ёмнікаў.

Аператар дыспетчарскага пункта Святлана Аравіна — той самы «голас» у кабіне, які гатовы прыйсці на дапамогу.

Дырэктар ААТ «Віцебскліфт» Іван Радкевіч расказаў пра перавагі мадэрнізацыі:

— Ад дэмантажу да здачы новага механізму пад ключ сыдзе месяц-паўтара. Вынік парадуе жыльцоў, бо ліфты новага пакалення — гэта камфортна, прыгожа і, галоўнае, у разы бяспечней.

Новыя ліфты будуць працаваць хутчэй. Калі раней яны разганяліся да 0,7 метра ў секунду, то цяпер — да метра. Сярод плюсаў і павялічаная да 400 кілаграмаў грузападымальнасць. А яшчэ частатныя пераўтваральнікі, якія дазваляюць пад'ёмніку плаўна рухацца, бясшумна адчыняцца і эканоміць да 30 працэнтаў электраэнергіі.
Бясшумныя новыя ліфты грузападымальнасцю да 400 кілаграмаў разганяюцца да метра ў секунду і эканомяць да 30 працэнтаў электраэнергіі ў параўнанні з папярэднікамі.
У планах прадпрыемства замяніць 18 пад'ёмнікаў у абласным цэнтры. Да ўстаноўкі новых кабін ужо прыступілі ў мікрараёне Юг-5, на праспектах Чарняхоўскага і Будаўнікоў, на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў.

Дасведчаны мантажнік Аляксандр Пракапенка расказвае, што жыльцы дамоў, дзе цяпер ідзе праца, рэагуюць на змены па-рознаму:

— Адны шчыра задаволены. Іншыя з цяжкасцю ўяўляюць, як будуць месяц, пакуль ідзе ўстаноўка, падымацца на верхнія паверхі пешшу. Але ў любым выпадку часовыя нязручнасці таго вартыя. Сучасны, змантаваны на сумленне ліфт праслужыць доўгія гады.