У Віцебскай вобласці з 3,9 тыс. абавязаных асоб толькі 70 добраахвотна пакрываюць расходы на ўтрыманне дзяцей
27 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці з 3,9 тыс. асоб, абавязаных дзяржаве пакрываць расходы на выхаванне іх дзяцей, толькі 70 робяць гэта добраахвотна, астатнія - прымусова. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Чадзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прымусова - гэта значыць, што ім знаходзяць працу, дапамагаюць працаўладкавацца і спаганяюць запазычанасць за выхаванне і ўтрыманне адабраных у іх дзяцей з заработнай платы", - растлумачыў Аляксандр Чадзюк. У дачыненні да злосных неплацельшчыкаў праваахоўныя органы вымушаны ўзбуджаць крымінальныя справы за нясплату расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. На дадзены момант да крымінальнай адказнасці прыцягнута 178 чалавек.
Пад асаблівым кантролем пракуратуры вобласці знаходзіцца вышук абавязаных асоб. Такіх у вобласці налічваецца 71 чалавек. Як правіла, яны вядуць асацыяльны лад жыцця, хаваюцца ад правасуддзя. У сувязі з гэтым пракуратура ажыццяўляе пастаянны нагляд за дзейнасцю органаў унутраных спраў па вышуку гэтых асоб.
Паводле даных пракуратуры вобласці, абавязаныя асобы павінны пакрыць дзяржаве больш за Br6,5 млрд. Пакуль яны пакрываюць 50% гэтай сумы. У рэгіёне налічваецца 4 561 дзіця, якое мае статус сіраты і знаходзіцца без апекі бацькоў. Бацькі 3 677 дзяцей абавязаны дзяржаве пакрываць расходы на іх утрыманне.-0-