У Віцебскай вобласці выбаркамы акрэдытавалі больш за 120 назіральнікаў

У Віцебскай вобласці выбарчыя камісіі акрэдытавалі 121 назіральніка: 92 пры тэрытарыяльных і 29 пры акруговых выбаркамах, паведамілі ў аблвыканкаме.

Зацікаўленасць у назіранні за працай камісій праяўляюць палітычныя партыі (Камуністычная партыя Беларусі мабілізавала чатырох чалавек для працы пры тэрытарыяльных выбаркамах), грамадскія аб'яднанні, якія накіравалі ў выбаркамы больш за 100 актывістаў. У тым ліку БРСМ акрэдытаваў 71 прадстаўніка, 10 чалавек прадстаўляюць РГА "Белая Русь", ад ФПБ працуюць 8 актывістаў, 5 чалавек прадстаўляюць Беларускі Хельсінкскі камітэт. Акрамя таго, грамадзяне накіравалі ў выбаркамы 16 назіральнікаў.

Усяго ў Віцебскай вобласці ўтвораны 221 тэрытарыяльны выбаркам - 192 сельскіх, 21 раённы, 2 пасялковых, 5 гарадскіх і адна абласная камісія. Акрамя таго, ствараюцца 798 участкаў для галасавання, ідзе вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбаркамаў, якія павінны быць утвораны не пазней 3 студзеня 2018 года. Усяго на выбарах 18 лютага 2018 года ў Віцебскай вобласці трэба будзе выбраць 3112 дэпутатаў мясцовых Саветаў.

БЕЛТА.