У Віцебскай вобласці малекулярную генную дыягностыку будуць укараняць у свінагадоўлю
3 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Малекулярную генную дыягностыку плануюць укараняць у селекцыйны працэс свінагадоўлі ў Віцебскай вобласці ў бягучае пяцігоддзе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Рэгіянальнай праграмай па племянной справе ў жывёлагадоўлі вобласці на 2011-2015 гады прадугледжана, у прыватнасці, укараненне метадаў малекулярнай геннай дыягностыкі па вызначэнні стрэсаўстойлівасці, шматплоднасці, утрымання ўнутрымышачнага тлушчу, колькасці мяса. Такім чынам, будзе створана айчынная канкурэнтаздольная племянная база па забеспячэнні прамысловай свінагадоўлі высокакаштоўным генетычным матэрыялам для атрымання беларускага таварнага гібрыда са сярэднясутачным прыростам не менш за 900 г, 65-працэнтным утрыманнем мяса ў тушы, таўшчынёй сала не больш за 15 мм. Гэта дазволіць да 2015 года дасягнуць аб'ёмаў вытворчасці свініны ў 111,6 тыс.т, у тым ліку да 100 тыс.т канкурэнтаздольнай. Пры гэтым затраты корму на 1 кг прыросту не перавысяць 3 кг.
Для атрымання канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі на племянных прадпрыемствах вобласці будуць мадэрнізаваны ўсе вытворчыя працэсы. На чале сістэмы племянной свінагадоўлі будзе селекцыйна-гібрыдны цэнтр "Задняпроўскі" (Аршанскі раён) з племянным пагалоўем парод ёркшыр і ландрас канадскай селекцыі, а таксама фермы з племянным пагалоўем беларускай вялікай белай і беларускай мясной парод.
У вобласці функцыянуе цэнтр селекцыі і генетыкі ў свінагадоўлі "Віцебскае племпрадпрыемства", дзе ўтрымліваюцца 198 хрякоў канадскай селекцыі парод ёркшыр, ландрас і дзюро, якія забяспечваюць каля 50% штучнага апладнення пагалоўя свіней у рэгіёне. Да канца 2015 года плануецца давесці гэты паказчык да 80% за кошт закупкі вытворцаў лепшай сусветнай селекцыі. У бліжэйшыя гады ў вобласці таксама будзе распрацавана і ўкаранёна індэксная ацэнка племянных жывёл па генетычных параметрах.-0-