У Віцебскай вобласці на аднаго беспрацоўнага прыпадаюць тры вакансіі

У Віцебскай вобласці на аднаго зарэгістраванага беспрацоўнага ў сярэднім прыпадаюць тры вакансіі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Ірына Мацвеева.

У паўночным рэгіёне захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці беспрацоўных. На 1 снежня ў Віцебскай вобласці на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных знаходзіліся каля 2,2 тыс. чалавек. На 1 студзеня 2018-га - 3,5 тыс. чалавек. У рэгіянальным банку вакансій, заяўленых наймальнікамі, налічваецца крыху больш за 6,6 тыс. прапаноў (на пачатак года іх было 4,6 тыс.). "У асноўным патрабуюцца людзі рабочых спецыяльнасцей. Запатрабаваны кіроўцы аўтамабіля, слесары, інжынеры розных профіляў, у сферы паслуг (швачкі) і гандлі (прадаўцы). У сельскагаспадарчай галіне патрэбны ветурачы, заатэхнікі, аператары машыннага даення, жывёлаводы, трактарысты, таксама ёсць патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах у сферы аховы здароўя (урачы, медыцынскія сёстры)", - расказала намеснік старшыні камітэта. Пры пошуку работы ўзнікаюць сітуацыі, калі ў чалавека па нейкіх прычынах не атрымалася працаўладкавацца на спецыяльнасць, якой ён валодае, альбо не дазваляе яго адукацыя. "Для вырашэння гэтага пытання прапануем павысіць кваліфікацыю або перавучыцца на запатрабаваныя вакансіі. Ахвотныя праходзяць курсы, працягласць якіх ад 1 да 8 месяцаў у залежнасці ад вакансіі, і ідуць працаваць па новай спецыяльнасці. Вельмі часта гэта адбываецца з гарантыяй працаўладкавання: будучых работнікаў рыхтуюць пад заказ канкрэтнага наймальніка. Цяпер для адной арганізацыі будзем рыхтаваць кухараў. Усяго сёлета новыя для сябе і запатрабаваныя на рынку працы прафесіі асвоілі больш за 1 тыс. жыхароў вобласці", - адзначыла Ірына Мацвеева. Усяго пры садзейнічанні службаў занятасці ў вобласці за 11 месяцаў гэтага года працаўладкавана 21,3 тыс. чалавек, у тым ліку 11,4 тыс. беспрацоўных. Акрамя таго, яшчэ 183 жыхара рэгіёну атрымалідзяржаўную субсідыю для арганізацыі сваёй справы. "У асноўным людзі бяруць яе для стварэння бізнесу (рознічны гандаль, будаўніцтва і інш.), але ёсць і прыклады працы ў сферы агратурызму, арганізацыі рамеснай дзейнасці", - распавяла намеснік старшыні камітэта. На 1 снежня 2018 года ўзровень зарэгістраванай беспрацоўнасці ў рэгіёне склаў 0,4% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. У цяперашні час у вобласці дзейнічае 26 камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Інфармацыя аб іх дзейнасці, графікі работы камісій размешчаны на сайтах райвыканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска. Пасяджэнні камісій праводзяцца не радзей двух разоў на месяц.

БЕЛТА.