У Віцебскай вобласці на падтрымку прадпрымальніцтва накіруюць каля 10,7 млн рублёў

На Віцебшчыне на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу за пяць гадоў плануецца накіраваць з бюджэту каля 10,7 млн рублёў. Гэта прадугледжваецца рэгіянальным комплексам мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Малы і сярэдні бізнес» на 2021 – 2025 гады, зацверджаным 18 сакавіка на пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў.

Як адзначыла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Вераніка Забалуева, мерапрыемствы накіраваны на стымуляванне дзелавой ініцыятывы грамадзян, паляпшэнне дзелавога асяроддзя для росту прадпрымальніцкай актыўнасці, удасканаленне стымулаў для суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу да стварэння высокапрадукцыйных, экспартаарыентаваных і інавацыйных арганізацый.

Асноўная частка фінансавых сродкаў (амаль 86%) пойдзе на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, што дазволіць пашырыць лінейку паслуг для бізнесу і павялічыць колькасць абслугоўваемых суб'ектаў. Акрамя таго, плануецца працягнуць практыку падтрымкі з бюджэту інавацыйных праектаў, якія рэалізуюцца бізнесам, а таксама стымуляваць удзел недзяржаўнага сектара эканомікі ў маркетынгавых мерапрыемствах, накіраваных на прасоўванне прадукцыі і паслуг на новыя рынкі і пашырэнне прысутнасці на ўжо асвоеных тэрыторыях. Важным напрамкам дзяржпраграмы застаецца арганізацыйна-інфармацыйная падтрымка стартап-руху.

У выніку рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў прадугледжваецца да 2025 года павысіць удзельную вагу прадпрымальніцтва ў фарміраванні абласнога паказчыка валавога дададзенага кошту да 19,5%, забяспечыць павелічэнне да 30% долі прыватнага бізнесу ў экспарце Віцебшчыны, а таксама экспарце паслуг — да 75,5%. Да канца пяцігодкі суб'екты малога і сярэдняга бізнесу будуць фарміраваць 27,9% абласнога паказчыка выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг.

"Віцебскія весці".