У Віцебскай вобласці на праграму "Чыстая вада" ў 2013 годзе дадаткова накіруюць Br100 млрд.
27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На рэалізацыю дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні "Чыстая вада" у Віцебскай вобласці ў 2013 годзе дадаткова накіруюць Br100 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец пры разглядзе пытання выканання мерапрыемстваў дадзенай праграмы ў рэгіёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення ў розных рэгіёнах вобласці.
Павелічэнне фінансавання служыць асноўнай мэце праграмы - стварэнню спрыяльных умоў пражывання ў населеных пунктах вобласці шляхам паляпшэння забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой. Акрамя таго, дадаткова плануецца вылучыць сродкі на будаўніцтва агульнагарадскіх ачысных збудаванняў у Полацку.
На рэалізацыю мерапрыемстваў праграмы ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе запланавана Br33,5 млрд. у цэнах гэтага года. З-за недахопу фінансавання з намечаных 26 аб'ектаў у гэтым годзе будуць пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю 14 аб'ектаў. На сённяшні дзень здадзены ў эксплуатацыю сеткі водазабеспячэння ў аграгарадку Альгова і вёсцы Сасноўка, першы пускавы комплекс водаправода ў вёсцы Пракуды (Віцебскі раён), завершана рэканструкцыя каналізацыйнага дзюкера праз Дняпро ў Дубровне, забяспечана высокая будаўнічая гатоўнасць станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Альгова, аб'ектаў водазабеспячэння з будаўніцтвам станцыі абезжалезвання ў Росанах, рэканструюемых ачысных збудаванняў каналізацыі ва Ушачах.
Да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю сеткі водазабеспячэння ў раёнах індывідуальнай забудовы Спас-Слабада, Лазоўка, Громы ў Полацку, першую чаргу будаўніцтва водазабеспячэння на забудове шматкватэрных жылых дамоў у аграгарадку Ноўка (Віцебскі раён), завяршыць праект будаўніцтва рэзервуараў чыстай вады з рэканструкцыяй станцыі абезжалезвання ў Копысі і артэзіянскай свідравіны са станцыяй абезжалезвання ў Арэхоўску Аршанскага раёна, аб'ектаў у Бешанковіцкім, Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах.
Працягваюцца работы па павышэнні надзейнасці сістэм водазабеспячэння і якасці паслуг на аб'ектах водазабеспячэння ў Браславе, аграгарадку Астроўна Бешанковіцкага раёна, аграгарадку Бярозкі Докшыцкага раёна, Машканах Сенненскага раёна, вёсцы Шабаны Дубровенскага раёна. Дадзеныя аб'екты плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2013 годзе.
Якасць пітной вады з'яўляецца адным са значных фактараў здароўя насельніцтва, таму пытанню выканання мерапрыемстваў праграмы "Чыстая вада" павінна ўдзяляцца самая пільная ўвага, падкрэсліў Аляксандр Косінец. У сувязі з гэтым ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць правядзення маніторынгу выкарыстання ў сельскіх населеных пунктах шахтных калодзежаў.-0-