У Віцебскай вобласці на працаўладкаванне навучэнскай моладзі ў 2010 годзе выдзелена Br2,8 млрд.
8 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці на арганізацыю другаснай занятасці школьнікаў і навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі ў 2010 годзе выдзелена Br2,8 млрд., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Ірына Матвеева.
За кошт выдзеленых сродкаў плануецца працаўладкаваць звыш 4,5 тыс. маладых людзей. Па выніках студзеня-мая сваё часовае месца працы знайшлі 1,3 тыс. чалавек. Пры гэтым большасць навучэнцаў, якія жадаюць правесці вольны час з карысцю, прыступіць да працы ў перыяд працяглых летніх канікул.
Асноўнымі работамі, на якіх будуць заняты маладыя людзі, стануць бягучы рамонт навучальных памяшканняў і школьнай мэблі, добраўпарадкаванне і азеляненне прышкольных тэрыторый, аднаўленне кніжнага фонду бібліятэк, рамонт спартыўных пляцовак і інвентару, пашыў пасцельнай бялізны. "Працоўная дзейнасць дазваляе моладзі атрымаць або павысіць свае прафесійныя навыкі. Акрамя таго, магчымасць уласнай працай зарабіць грошы на кішэнныя выдаткі дазваляе падлеткам павысіць сваю самаацэнку, адчуць сябе больш самастойнымі, таму многія маладыя людзі актыўна ёю карыстаюцца", - адзначыла Ірына Матвеева.-0-