У Віцебскай вобласці назіраецца рэкордная яўка выбаршчыкаў для ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Беларусі

  На Віцебшчыне назіраецца рэкордная яўка выбаршчыкаў для ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнікам СМІ намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў падчас сустрэчы з міжнароднымі назіральнікамі ад Міжпарламенцкай Асамблеі СНД у рамках маніторынгу датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

– Сёння мы сустрэлі першых назіральнікаў. Яны прадстаўляюць Міжпарламенцкую асамблею СНД. Усяго па Віцебскай вобласці зарэгістравана 30 міжнародных назіральнікаў, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама. – Місія важная: па-першае, нам неабходна паказаць, як арганізавана праца на ўчастках для галасавання; па-другое, хацелася б пачуць ацэнку нашай працы, каб у далейшым, магчыма, улічыць нейкія парады і пажаданні. Я нядаўна сам быў ва Узбекістане ў якасці міжнароднага назіральніка і запазычыў там пэўны вопыт. У кожнай краіне ёсць свой менталітэт, свая заканадаўчая база для правядзення выбараў. Міжнародныя назіральнікі, якія прыехалі да нас, павінны ацаніць, як арганізаваны выбары ў адпаведнасці з нашым нацыянальным заканадаўствам. Сёння яны будуць прысутнічаць на адкрыцці ўчасткаў. Думаю, што Віцебская вобласць не падвядзе і пакажа годную гатоўнасць.

Вячаслаў Дурноў адзначыў, што па дадзеных Цэнтрвыбаркама, ва ўсёй Беларусі выбары ідуць вельмі актыўна. Насельніцтва цікавіцца працэсам, адчувае сваю адказнасць перад краінай па выкананні грамадзянскага абавязку. Больш за 18% жыхароў Віцебскай вобласці ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у спісы для галасавання, прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні за 2 дні. Гэта рэкордная яўка.

"Віцебскія весці"