У Віцебскай вобласці пачалася 4-я навучальная чвэрць: якія меры прыняты для бяспекі школьнікаў?
У неабходным аб'ёме набыты сродкі дэзінфекцыі, дзецям рэкамендавана мець пры сабе ахоўныя маскі. Перасячэнне дзяцей з розных класаў паміж сабой зведзена да мінімуму. Улічваючы тое, што за парты 20 красавіка селі не ўсе дзеці, ёсць магчымасць рассадзіць вучняў з захаваннем неабходнай дыстанцыі.
– Некаторыя бацькі скарысталіся сваім правам пакінуць дзіця дома, а значыць, яны павінны паклапаціцца пра тое, як яно будзе займацца, – адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. – Разам са школай павінны быць знойдзены прымальныя варыянты працы, у прыватнасці, вывучэнне вучэбных прадметаў па індывідуальным плане.
Дзмітрый Хома звярнуў увагу, што педагогі выкарысталі тры канікулярныя тыдні, каб падрыхтавацца да працы ў чацвёртай чвэрці, улічваючы розныя сцэнарыі развіцця падзей. У кожнай школы ёсць свой пэўны механізм або вопыт.
Як паведаміла рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская, на афіцыйным сайце ўстановы размешчаны тэматычны медыягід па вучэбных прадметах. Там падабраны як рэкамендаваны кантэнт з адкрытых інтэрнэт-крыніц, так і відэаўрокі, распрацаваныя перадавымі педагогамі Віцебскай вобласці. Матэрыял, які адпавядае праграмам па вучэбных прадметах чацвёртай чвэрці, будзе папаўняцца.