У Віцебскай вобласці пачалася інфармацыйная кампанія ў сувязі з новымі правіламі ўезду ў ЕС

Спецыялісты вядуць тлумачальную працу праз СМІ, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі і актыўна адказваюць на званкі грамадзян. Як адзначыла начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Таццяна Рамашова, колькасць пытанняў даволі вялікая, што дазваляе зрабіць выснову аб тым, што да абмену будзе прадстаўлена нямала пашпартоў. У сувязі з гэтым пашпартысты просяць усіх, хто мае намер выехаць у дзяржавы ЕС, звярнуць увагу на галоўны дакумент, які сведчыць асобу, і загадзя пры неабходнасці яго абмяняць.

19 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Службы па грамадзянстве і міграцыі Віцебскай вобласці пачалі інфармацыйную кампанію ў сувязі з новымі правіламі ўезду ў краіны Еўрасаюза, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Таццяна Рамашова.

Спецыялісты вядуць тлумачальную працу праз СМІ, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі і актыўна адказваюць на званкі грамадзян. Як адзначыла Таццяна Рамашова, колькасць пытанняў даволі вялікая, што дазваляе зрабіць выснову аб тым, што да абмену будзе прадстаўлена нямала пашпартоў. У сувязі з гэтым пашпартысты просяць усіх, хто мае намер выехаць у дзяржавы ЕС, звярнуць увагу на галоўны дакумент, які сведчыць асобу, і загадзя пры неабходнасці яго абмяняць. Да таго ж традыцыйна з сакавіка пачынаецца наплыў 16-гадовых грамадзян, якія ўпершыню атрымліваюць пашпарт і імкнуцца гэта зрабіць да моманту рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне. Між тым павелічэння штатаў і дадатковай тэхнічнай падтрымкі ў падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі не будзе.

Зараз у Віцебскай вобласці атрымаць або абмяняць пашпарт можна на працягу аднаго-паўтары тыдняў, хоць заканадаўствам вызначаны больш працяглы тэрмін выдачы дакумента - да аднаго месяца. У 2009 годзе службы па грамадзянстве і міграцыі вобласці выдалі 84,2 тыс. пашпартоў.

Як паведамляла БЕЛТА раней, з 5 красавіка 2010 года ўступае ў сілу новы Візавы кодэкс Еўрапейскага саюза. Згодна з арт.12 гэтага дакумента, грамадзяне Беларусі павінны будуць у'язджаць у ЕС з пашпартамі, якія ўтрымліваюць як мінімум дзве чыстыя старонкі. Тэрмін дзеяння пашпарта павінен заканчвацца не раней чым праз тры месяцы пасля меркаванай даты выезду з ЕС. Калі ж грамадзянін аформіў візу для шматразовых паездак, то тэрмін дзеяння павінен заканчвацца не раней чым праз тры месяцы пасля апошняй меркаванай даты выезду з тэрыторыі дзяржавы - члена Еўрасаюза. Таксама пашпарт павінен быць выдадзены не больш за 10 гадоў таму. -0-