У Віцебскай вобласці пачалі выбарачны пасеў азімых збожжавых

Аграрыі Віцебскай вобласці прыступілі да выбарачнай сяўбы азімых збожжавых, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

У рэгіёне вядзецца цэлы комплекс сельскагаспадарчых работ. Улічваючы, што на большай тэрыторыі вобласці ўсталявалася сухое надвор'е, хлебаробы нарошчваюць тэмпы жніва, якое прыпынялася з-за дажджоў. Таксама ідзе ўборка лёну, сяўба азімага рапсу. "Някаторыя раёны ўжо прыступілі да выбарачнай сяўбы збожжавых. Работы выкананы на плошчы ў 500 га. Усяго ў рэгіёне гэтай восенню плануецца пасеяць 215 тыс. га азімых збожжавых", - расказалі ў камітэце.

Што тычыцца ўборкі збожжавых і зернебабовых, то ў рэгіёне абмалочана больш за 75% хлебнай нівы, сабрана 790,6 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 32,1 ц/га. Бліжэй за ўсіх да завяршэння жнiва Глыбокскі і Чашніцкі раёны, дзе ўбрана 88% і 87% збожжавых і зернебабовых. Больш за 80% палёў абмалочана ў Бешанковіцкім, Сенненскім і Докшыцкім раёнах. Па ўраджайнасці ў лідарах Аршанскі і Дубровенскі раёны, аграрыі якіх збіраюць з гектара па 46,1 і 42 цэнтнера збожжа адпаведна. Добрая ўраджайнасць у Верхнядзвінскім раёне - 38 ц/га.

Алена Ціханава - БЕЛТА.