У Віцебскай вобласці ўзнагародзілі работнікаў сацыяльнай абароны, якія забяспечылі клопат пажылым і інвалідам у перыяд пандэміі

В Витебской области наградили работников соцзащиты, обеспечивших заботу пожилым и инвалидам в период пандемии
Асобы пажылога ўзросту, інваліды – адны з самых уразлівых катэгорый насельніцтва, асабліва ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Каб у перыяд пандэміі яны не падвяргаліся рызыцы ні ў інтэрнатных установах, ні на самаізаляцыі дома і ні ў чым не мелі патрэбы, адчувалі клопат і падтрымку, пастараліся работнікі сістэмы сацыяльнай абароны, ушанаванне якіх прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы ў аблвыканкаме.

– Прынятыя дадатковыя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі сярод пажылога насельніцтва, людзей з інваліднасцю, асабліва ў стацыянарных установах, сёння можна смела сказаць, дапамаглі справіцца з гэтай задачай, – адзначыў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Лобовіч, уручаючы ўзнагароды вінаватым урачыстасці.

– Для сваіх падапечных мы зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць іх жыццё, здароўе і прадухіліць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. У дамах-інтэрнатах быў уведзены рэжым поўнай ізаляцыі, працоўныя калектывы перайшлі на вахтавы метад працы па два тыдні, а некаторыя і па 30 дзён. У поўным аб'ёме былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, прымянялі ўсе неабходныя меры бяспекі і методыкі па прафілактыцы пнеўманій, актыўна выкарыстоўвалі інтэрнэт-тэхналогіі, новы імпульс атрымала супрацоўніцтва з ВДМУ. Гэта дало галоўны вынік – мы не дапусцілі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ў стацыянарных установах, – рэзюмавала начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, якая, дарэчы, таксама ў ліку ўзнагароджаных – удастоена Ганаровай граматы аблвыканкама.

У сістэме сацыяльнай абароны Віцебскай вобласці дзейнічаюць 15 дамоў-інтэрнатаў, 21 аддзяленне кругласутачнага знаходжання і 25 ТЦСАН.

 За працу ва ўмовах пандэміі Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымалі дырэктар Глубокскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Клеапатра Супранёнак, кіраўніца Луначарскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Вольга Людская і Алена Лауткіна, якая ўзначальвае калектыў Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Адзін з найбуйнейшых дамоў-інтэрнатаў у вобласці – Луначарскі (Верхнядзвінскі раён). Тут пражывае 430 чалавек, многія з іх – людзі сталага ўзросту і маюць інваліднасць. З красавіка калектыў перайшоў на двухтыднёвы графік працы, яшчэ раней уведзены масачны рэжым, штодзённыя медагляды, тэрмаметрыя і іншыя проціэпідэмічныя мерапрыемствы. Для папярэджання застойных з’яў правядзенне фізічных практыкаванняў павялічылася з двух да шасці разоў на дзень, прычым для ўсіх падапечных, у гэтай працы быў задзейнічаны не толькі спецыяліст па лячэбнай фізкультуры, але і ўвесь калектыў – ад дырэктара да санітарак.

– Пандэмія выявіла лепшыя якасці калектыву і падапечных, людзі згуртаваліся, да сітуацыі паставіліся з разуменнем і выконвалі ўсе рэкамендацыі. За ўвесь перыяд па сённяшні дзень, хоць мы ўжо сышлі з вахтавага метаду працы, на 24% зменшылася смяротнасць сярод нашых пастаяльцаў у параўнанні з мінулым годам, не было ніводнага хворага на пнеўманію і ВРВІ, – адзначыла дырэктар Луначарскага дома-інтэрната Вольга Людская.

Для дапамогі пажылым, інвалідам, якія знаходзяцца дома на самаізаляцыі, маштабную працу разгарнулі кал-цэнтры, створаныя пры кожным тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ім паступіла звыш 8 тыс. заявак, усе выконваліся ў поўным аб’ёме, як правіла, дастаўлялі прадукты, медыкаменты. Дапамагалі сацыяльным работнікам грамадскія арганізацыі, у тым ліку Чырвоны Крыж, БРСМ.

Сярод тых, хто штодня прыходзіў на дапамогу пажылым, – сацыяльны работнік ТЦСАН Шумілінскага раёна Альміра Андрэева, адзначаная Ганаровай граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Пасля дэкрэтнага адпачынку шматдзетная маці вярнулася ў прафесію якраз у перыяд росту захворвання. Нагрузка павялічылася, бо акрамя сваіх пастаянных падапечных трэба было дапамагчы іншым пажылым жыхарам райцэнтра, якія знаходзіліся на самаізаляцыі, і не было каму схадзіць для іх у краму ці аптэку.

– У гэты час асабліва востра ўсведамляеш значнасць і неабходнасць сацыяльнай службы, разумееш, што трэба працаваць, нягледзячы ні на што, не апускаць рукі, бо людзі маюць патрэбу ў тваёй дапамозе, – такі асабісты вывад зрабіла Альміра Андрэева.

Звяртаючыся да работнікаў сацыяльнай службы, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін падкрэсліў, што супрацьстаяць пандэміі ўдалося толькі дзякуючы ўсёагульнай узгодненай працы. Таксама звярнуў увагу, што нават з вяртаннем усіх устаноў да штатнага рэжыму працы трэба памятаць, што інфекцыя не сышла цалкам, таму важна берагчы адзін аднаго.

"Віцебскія весці".