У Віцебскай вобласці наладзілі вытворчасць па вырошчванні і адкорме племянных індычанят
У філіяле «Хайсы» ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» наладжана вытворчасць па вырошчванні і адкорме племянных індычанят. З суседняй Польшчы на птушкафабрыку даставілі 26 тысяч «малышоў». За перыяд адкорму індычкі на 300—500 грамаў апярэдзілі еўрапейскіх. У гандлёвых кропках Віцебшчыны ўжо можна набыць паўфабрыкаты з карыснага і смачнага мяса індычкі. Да адкрыцця дачна-шашлычнага сезона ў продаж паступіць замарынаваная індычына.
Сёння на птушкафабрыцы ўтрымліваецца 543 тысячы курэй-несушек і 244 тысячы маладняку. Працягваецца вырошчванне перапёлак (7600). Перапёлавыя яйкі пад гандлёвай маркай «Мара гурмана» не раз заваёўвалі залатыя медалі на профільных міжнародных выстаўках.
У мінулым годзе птушкагадоўчыя памяшканні ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» былі злучаны канвеерам аўтаматычнага яйцазбору Anaconda. Гэта сур'ёзны прарыў у аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. У планах прадпрыемства — набыццё сартавальнай машыны для аўтаматычнай, без удзелу чалавека, упакоўкі яек. Запланаваны запуск вакуумнай упакоўкі мяса індычкі, што падоўжыць таварнае жыццё астуджанага прадукту ў два разы.