У Віцебскай вобласці не прагназуюць рэзкага падаражэння тавараў у сувязі са скасаваннем абмежавання гандлёвых надбавак

Як адзначыла намеснік старшыні камітэта эканомікі – начальнік упраўлення цэнавай палітыкі Віцебскага аблвыканкама Ганна Альшанская, спецыялісты ўпраўлення будуць ажыццяўляць маніторынг цэн пастаянна. Па даных на 29 кастрычніка, калі ўступіла ў сілу пастанова Мінэканомікі №141, якая адмяняе абмежаванне гандлёвых надбавак на большасць тавараў, раздробныя цэны ў крамах і на рынках у Віцебскай вобласці засталіся на ранейшым узроўні.

30 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці не прагназуюць рэзкага падаражэння тавараў у сувязі з адменай абмежавання гандлёвых надбавак. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік старшыні камітэта эканомікі – начальнік упраўлення цэнавай палітыкі Віцебскага аблвыканкама Ганна Альшанская.

"Гандлёвыя надбаўкі ўсталяваліся, цэны рэзка не падскочаць", - упэўнена яна.

Па словах Ганны Альшанскай, спецыялісты ўпраўлення будуць ажыццяўляць маніторынг цэн пастаянна. Па даных на 29 кастрычніка, калі ўступіла ў сілу пастанова Мінэканомікі №141, якая адмяняе абмежаванне гандлёвых надбавак на большасць тавараў, раздробныя цэны ў крамах і на рынках у Віцебскай вобласці засталіся на ранейшым узроўні.

Дырэктар прадпрыемства гандлю "Адкрытае акцыянернае таварыства "Ніка" Аляксандр Жалезка таксама пакуль не прагназуе росту цэн. ААТ "Ніка" стала першым у вобласці прадпрыемствам гандлю, якое адкрыла адразу некалькі магазінаў з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі. "Нягледзячы на тое, што фінансава такія магазіны ўтрымліваць цяжка, мы не маем намеру пакуль павышаць гандлёвыя надбаўкі ні ў гэтых магазінах, ні ў астатняй гандлёвай сетцы "Ніка", - сказаў дырэктар.

Разам з тым, па яго словах, некаторыя вытворцы і імпарцёры ўжо павысілі цэны. "Пастаўшчыкі абавязкова скарыстаюцца адменай абмежавання гандлёвых надбавак для атрымання максімальнага прыбытку, і гандлю будзе цяжка выстаяць у гэтых умовах", - канстатаваў ён.

Пастанова Міністэрства эканомікі №141 з'яўляецца яшчэ адным крокам да лібералізацыі і прадугледжвае адмену абмежавання гандлёвых надбавак практычна на ўсе віды прадукцыі. Пры гэтым захоўваецца 50 таварных пазіцый, па якіх надбаўкі будуць рэгулявацца.-0-