У Віцебскай вобласці не хапае спецыялістаў з вышэйшай інжынерна-тэхнічнай адукацыяй. Пытанне падрыхтоўкі кадраў узнялі ў аблвыканкаме
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў: ВНУ павінны рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў пад актуальныя патрэбы эканомікі
– Прамысловыя прадпрыемствы – рухавікі развіцця эканомікі. Сёння мы маем сучасныя вытворчасці, абсталяванне, але часта адчуваем дэфіцыт кваліфікаваных кадраў або рыхтуем іх са спазненнем. У той жа час развіваюцца новыя напрамкі, і неабходна аператыўна рэагаваць на змены кан'юнктуры рынку і запыты інвестараў, гатовых укладаць сродкі ў новыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы. ВНУ павінны рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў пад актуальныя патрэбы эканомікі, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.
Кіраўнік вобласці нацэліў удзельнікаў рабочай нарады на выпрацоўку агульнай стратэгіі развіцця галіны, пошук магчымасцей арганізацыі больш цеснага і эфектыўнага супрацоўніцтва ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі, з прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі.
На сённяшні дзень Віцебская вобласць адчувае патрэбу ў парадку 800 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, з іх каля 600 чалавек – інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей.
– На сённяшні дзень вобласць адчувае патрэбу ў парадку 800 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. З іх каля 600 чалавек – інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. Эканоміка рэгіёну развіваецца, асвойвае інавацыйныя віды прадукцыі, выпуск і прасоўванне якіх патрабуе сучасных ведаў, – адзначыла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
Яна звярнула ўвагу на якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для рэальнага сектара эканомікі, дадаўшы, што ў сярэдніх спецыяльных і прафесійных установах адукацыі Віцебшчыны навучанне і практыка ўжо ўвязаны ў адзіны працэс.
Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна:Неабходна замацаваць за ВНУ прамысловыя прадпрыемствы, якія б курыравалі падрыхтоўку студэнтаў для сваіх вытворчасцей, суправаджалі іх на практыцы і ў далейшым працаўладкоўвалі.
Рэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй Кузняцоў расказаў, што ВДТУ – адзіная ВНУ, якая рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.
Акрамя таго, універсітэт арыентаваны на задавальненне патрэб рэгіёна ў спецыялістах машынабудаўнічага профілю, эканомікі, гандлю, метралогіі. Асноўны акцэнт робяць на інжынерныя спецыяльнасці, такія як тэхналогія машынабудавання, камп'ютарная мехатроніка.
За апошнія тры гады вырасла колькасць выпускнікоў, якія працаўладкоўваюцца на прадпрыемствы вобласці
– За апошнія тры гады вырасла колькасць выпускнікоў, якія працаўладкоўваюцца на прадпрыемствы вобласці. Калі ў 2016 годзе іх было каля 20%, то ў 2017-м больш за палову ўсіх выпускнікоў засталіся працаваць у рэгіёне, – падкрэсліў Андрэй Аляксандравіч. Ён таксама адзначыў, што ў плане практыкаарыентаванага навучання ВНУ цесна супрацоўнічае з прамысловымі прадпрыемствамі вобласці.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў станоўчыя моманты ў рабоце кожнай ВНУ вобласці. Ён упэўнены, што незалежна ад профілю перад іх кіраўніцтвам стаяць агульныя задачы – забеспячэнне кадрамі, падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў пад актуальныя патрэбы эканомікі рэгіёна і краіны ў цэлым, развіццё і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.
Дзмітрый Леанідавіч таксама абазначыў яшчэ адзін вектар работы – максімальнае замацаванне спецыялістаў на вытворчасці, у гэтым зацікаўлены і органы ўлады, і прадпрыемствы, і ВНУ, якія павінны стаць паўнавартаснымі партнёрамі па падрыхтоўцы рэсурсаў для эканомікі.