У Віцебскай вобласці неабходна зрабіць акцэнт на развіццё базавых і сярэдніх школ - А.Косінец
1 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў найбліжэйшы час будзе зроблены акцэнт на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы базавых, сярэдніх школ, у тым ліку размешчаных у аграгарадках. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання сярэдняй школы №28 у абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У вобласці ўдзяляецца пільная ўвага развіццю ўстаноў адукацыі, толькі на падрыхтоўку да новага навучальнага года выдзелена каля Br40 млрд., паведаміў старшыня аблвыканкама. Пры гэтым сур'ёзнае абсталяванне атрымалі асобныя гімназіі і ліцэі, а неабходна ствараць годныя ўмовы для атрымання ведаў ва ўсіх 600 школах, якія працуюць у вобласці. "У найбліжэйшы час нам трэба правесці абследаванне практычна кожнай школы, а ў бюджэце вобласці на 2010 год неабходна будзе закласці значна больш у параўнанні з сёлетнім годам сродкаў на сістэму адукацыі", - заявіў Аляксандр Косінец.
Сёння ў вобласці за парты сядуць больш за 120 тыс. вучняў агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 10 тыс. 250 першакласнікаў. Акрамя таго, гатовы прыняць навучэнцаў 25 прафесійна-тэхнічных вучэльняў, 35 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і 6 ВНУ, у якіх будуць атрымліваць адукацыю і прафесійную падрыхтоўку звыш 72 тыс. чалавек. "Мы павінны выхаваць пісьменных, высока эрудаваных грамадзян, якія будуць удзельнічаць у фарміраванні эканамічнага патэнцыялу Віцебскай вобласці ў ХХI стагоддзі і закладваць аснову для годнага ўваходжання ў наступнае тысячагоддзе", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Менавіта таму ў вобласці асаблівая ўвага надаецца развіццю інфармацыйных тэхналогій. У ходзе наведвання школы Аляксандр Косінец паднёс калектыву навучальнай установы падарунак ад аблвыканкама - камп'ютарны клас.-0-