У Віцебскай вобласці абнавіўся Топ-15 самых прыбытковых прадпрыемстваў
Сярод самых прыбытковых адкрытых акцыянерных таварыстваў на Віцебшчыне па выніках паўгоддзя, акрамя прадпрыемстваў нафтахіміі, ёсць прадстаўнікі гандлю, лёгкай прамысловасці, малочныя камбінаты, будаўнічыя арганізацыі, перапрацоўшчыкі і сельскагаспадарчыя вытворцы. Як сведчаць даныя Міністэрства фінансаў Беларусі, у параўнанні з вынікамі працы кампаній за 2012 год гэты спіс абнавіўся напалову.
Лідэрам па атрыманым чыстым прыбытку сярод акцыянерных таварыстваў на Прыдзвінне застаецца «Нафтан», які за шэсць месяцаў спрацаваў з плюсам на суму амаль у 1,3 трлн рублёў. Другім стала «Полацктранснафта Дружба» з вынікам у 31,4 млрд рублёў, на трэцім месцы апынулася віцебская «Веста» (каля 30 млрд рублёў).
Далей у сімвалічным рэйтынгу паспяховасці размясціўся Лепельскі малочнакансервавы камбінат (23,4 млрд рублёў), які па аб'ёме чыстага прыбытку апярэдзіў «Віцебскія дываны» (16,5 млрд рублёў), «Дарожна-будаўнічы трэст №1, г. Віцебск» (16,5 млрд рублёў), «Віцебскі маслаэкстракцыйны завод» (16,4 млрд рублёў).
Сярод пятнаццаці самых прыбытковых кампаній – ААТ «Рудакова» (15,5 млрд рублёў), «Нафтазаводмантаж, г. Наваполацк» (15 млрд), «Чырвоны Кастрычнік» (14,1 млрд), Полацкі малочны камбінат (13,6 млрд), віцебскае ААТ «Жылбуд» (13 млрд), «Полацк-Шкловалакно» (13 млрд рублёў).
Замыкаюць Топ-15 докшыцкае ААТ «Таргуны» (9,8 млрд рублёў), якое спрацавала па прыбытку на ўзроўні «Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода «Прыдзвінне» (9,2 млрд).
Сяргей Качатоў, "Віцебскія весці"