У Віцебскай вобласці вызначаны лепшыя прадпрыемствы і арганізацыі ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння

У Віцебскай вобласці вызначаны найлепшыя прадпрыемствы, арганізацыі і дзяржаўныя органы ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння, а таксама інавацый. Іх узнагароджанне адбылося сёння на цырымоніі адкрыцця міжнароднага форуму "Інвестыцыі. Інавацыі. Перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У намінацыі "Інавацыйная дзейнасць" найлепшымі прызнаны Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт (за дасягненні раёна ў вытворчасці інавацыйнай прадукцыі), дзяржаўнае аб'яднанне "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты" (за шырокі асартымент інавацыйнай прадукцыі) і прадпрыемства "Палімерканструкцыя" (за ўкараненне інавацый у вытворчасць). У намінацыі "Энергазберажэнне" за паспяховае ўкараненне інавацыйных рашэнняў у галіне энерга- і рэсурсазберажэння найлепшымі сталі РУП "Віцебскэнерга", упраўленне ЖКГ Віцебскага аблвыканкама і прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Віцебскае электрычнае прадпрыемства "Святло". У намінацыі "Будіндустрыя" найлепшымі прызнаны ААТ "Будаўніча-мантажны трэст №16 г.Наваполацк" (за значны ўклад у галіне будаўніцтва), інстытут "Віцебскграмадзянпраект" (за лепшы праект у сферы аздараўлення і спорту) і ААТ "Завод керамзітавага жвіру г.Навалукомль" (за лепшы будаўнічы матэрыял года).

Усе лаўрэаты ўзнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі і спецыяльнымі памятнымі знакамі.

У Віцебску 6-7 лютага праходзіць міжнародны форум "Інвестыцыі. Інавацыі. Перспектывы". Гэта адно з найбуйнейшых у Беларусі мерапрыемстваў у сферы энергазберажэння. Яго мэта - дэманстрацыя інвестыцыйнага патэнцыялу Віцебскага рэгіёна, прасоўванне інавацыйных праектаў, сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі і тэхналогій, у тым ліку ў сферы будаўніцтва, энергетыкі, энергазберажэння, аўтаматызацыі, электронікі, аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, аўтаматызаваных сістэм кіравання і ўліку энергетычных рэсурсаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Віцебскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу".

Алена Ціханава