У Віцебскай вобласці вызначылі найлепшую аграсядзібу-2014
Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў аблвыканкаме ў рамках пасяджэння міжведамаснага каардынацыйнага савета па турызме, на якім вырашаліся актуальныя пытанні развіцця галіны, у першую чаргу пашырэння экспарту паслуг. Не апошняе месца ў гэтым адводзіцца агратурызму, які з гадамі набірае абароты.
Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў, які ўзначальвае савет, штуршком для развіцця стала падпраграма «Пяцьсот», якая была прынята ў рамках Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця вобласці на 2010-2015 гады.
– Сельскі турызм стаў крыніцай дадатковых даходаў мясцовага насельніцтва, стварэння новых працоўных месцаў, інвестыцый у развіццё інфраструктуры, а таксама інструментам устойлівага развіцця рэгіёну, фарміравання адказнага і зацікаўленага стаўлення вяскоўцаў да захавання прыродных ландшафтаў, гісторыка-культурнай спадчыны. Наша вобласць валодае значным прыродным патэнцыялам для развіцця аграэкатурызму. Віцебшчына – край азёр, рэк і лясоў, на яе тэрыторыі знаходзяцца два нацыянальныя паркі, запаведнікі, заказнікі, помнікі прыроды. Рэгіён славіцца найбагацейшай гісторыяй і культурай. Гэта прыцягвае да нас усё больш сваіх і замежных турыстаў, – падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў.
Так, летась аграсядзібы прынялі звыш 32 тыс. турыстаў, у тым ліку 4,7 тыс. замежнікаў з 29 дзяржаў. Выбіраюць для адпачынку домікі ў беларускай вёсцы расіяне, латышы, палякі, немцы, італьянцы, амерыканцы, жыхары іншых замежных краін. Гаспадары сядзіб зарабілі больш за 15 млрд рублёў, што на 38% больш, чым у 2013-м.
Калі на пачатак мінулага года ў вобласці было зарэгістравана 449 суб'ектаў сельскага турызму, то на пачатак 2015-га – 502, а па выніках бягучага паўгоддзя іх стала 603. Найбольшая колькасць аграсядзіб знаходзіцца ў Браслаўскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Мёрскім, Полацкім, Расонскім раёнах. Значна вырасла іх колькасць на Сенненшчыне (з 17 у 2014-м да 26 у 2015-м).
З 2006 года паспяхова рэалізуецца праграма ўдзелу Белаграпрамбанка ў развіцці агратурызму ў Беларусі. За мінулы час крэдыты атрымалі 118 суб'ектаў на агульную суму больш за 9 млрд рублёў. Пры ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама дзейнічае грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму. Многія сядзібы ўдзельнічалі ў міжнародным праекце кулінарнай спадчыны «Бела Кузіна», вынікам якога стала стварэнне маршруту, у які ўвайшлі сядзібы Віцебскай вобласці і Латгальскага рэгіёну. У пачатку лістапада адбыўся рэкламны тур.
Па словах намесніцы начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дар'і Мацкевіч, з кожным годам расце колькасць жадаючых прыняць удзел у конкурсе, які з'яўляецца стымулам для развіцця бізнесу і дадатковай рэкламай аграэкасядзіб. Пераможцаў і лаўрэатаў выбіралі па пяці раздзелах. Галоўную ўзнагароду ў намінацыі «Захаванне беларускіх традыцый» атрымаў гаспадар «Хаты пад клёнамі» ў вёсцы Новікі Пастаўскага раёна Алег Калеснік. Алег Іосіфавіч – адзін з піянераў турыстычнага бізнесу ў Пастаўскім раёне. Акцэнт зрабіў на беларускіх традыцыях. Пабудаваў два вясковыя дамы, такія, у якіх спрадвеку жылі ў тутэйшых мясцінах. Абеды гатуе ў печы ў чыгунных гаршках, сам робіць сыр, каўбаскі, частуе нацыянальнымі стравамі.
Прыз «За гасціннасць» прысуджаны Алене Пруднячонак, якая адкрыла 7 гадоў таму ў вёсцы Экімань-2 Полацкага раёна сядзібу «Лука». Адпачывальнікі тутэйшыя госці з розных краін адзначаюць шчыры прыём і душэўнасць гаспадыні. У намінацыі «Лепшы старт» перамогу атрымала сядзіба «Простаквашына» ў Аршанскім раёне (гаспадары Андрэй і Марына Прыстромавы). За папулярызацыю здаровага ладу жыцця ў адпаведнай катэгорыі ўзнагароджаны Мікалай Падрэз, гаспадар сядзібы «Мікалаеўскі пасад» у вёсцы Сержаны Ушацкага раёна. Акрамя гасцявых домікаў ён абсталяваў кемпінг, дзе турысты могуць размясціцца ў намётах. Сядзіба «Звон-гара» (гаспадар Уладзіслаў Мішурны) у вёсцы Гара Віцебскага раёна стала лепшай экосядзібай года.
Акрамя 5 пераможцаў узнагароды ад спонсараў атрымалі 10 лаўрэатаў рэгіянальнага конкурсу, які праводзіць аблвыканкам сумесна з ААТ «Белаграпрамбанк» і Беларускім грамадскім аб'яднаннем «Адпачынак у вёсцы».
Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».