У Віцебскай вобласці адзначылі Дзень Незалежнасці
У Віцебску на плошчы Перамогі сабраліся сотні гараджан, каб ушанаваць памяць вызваліцеляў, якія загінулі на палях бітваў. Кіраўнікі абласных і гарадскіх уладаў, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый усклалі вянкі і кветкі да Вечнага агню Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў.
Віншуючы прысутных са святам, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што 3 ліпеня, праз доўгія шчаслівыя гады пад чыстым небам, нязменна вяртае нас у адзін з самых цяжкіх і гераічных перыядаў нашай Радзімы. Найвялікшыя выпрабаванні выпалі на долю Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каласальная адвага спатрэбілася ад нашых дзядоў і прадзедаў, каб адстаяць незалежнасць і самабытнасць. Наш народ мужна адбіваў атакі захопнікаў, праліваючы кроў на франтах, у партызанскіх атрадах, падпольных ячэйках. Мы не маем права забыць тых, хто даў нам свабоду.
Нацысты ператварылі наш квітнеючы край у руіны. У пасляваенныя гады па крупіцах аднаўлялася народная гаспадарка, упарадкоўваліся гарады і вёскі, умацоўвалася эканоміка, стваралася сацыяльная інфраструктура. Гэта стала асновай для далейшага развіцця нашай дзяржавы. Адным з найважнейшых прыярытэтаў сучаснасці стала фарміраванне моцных рэгіёнаў. Паступальна развіваецца і Віцебшчына. У прыватнасці, завершана будаўніцтва ўстаноўкі запаволенага каксавання нафтавых рэшткаў на прадпрыемстве «Нафтан», ствараецца шэраг мабільных вытворчасцей па выпуску мэблі, прамысловых тавараў, шмат аб'ектаў у сферы АПК, праведзена рэканструкцыя мастоў у Наваполацку, Бешанковіцкім і Талачынскім раёнах, пачата актыўнае добраўпарадкаванне Віцебска.
На фоне няпростых эканамічных умоў вобласць забяспечвае рост экспарту тавараў і паслуг. Кожны чацвёрты экспартаваны тавар адносіцца да высока- і сярэдне тэхналагічнай прадукцыі. З арганізацыямі Віцебшчыны гандаль ажыццяўляюць 97 краін свету. Мы пастаўляем нашу прадукцыю ў 66 краін.
Паставіўшы на першае месца міралюбную шматвектарную палітыку і ўзаемавыгаднае гандлёвае эканамічнае супрацоўніцтва, мы здабылі партнёраў у розных кропках планеты, асвоілі новыя рынкі, сталі ініцыятарам і надзейным удзельнікам буйных інтэграцыйных працэсаў. Усё, што сёння зроблена на Віцебшчыне і ў краіне ў цэлым, нязменна асацыюецца са знакам самай высокай якасці.
З-за гэтага асобныя замежныя сілы пастаянна імкнуцца нас павучаць, прымусіць падпарадкавацца іх правілам, адмовіцца ад сваіх мэт і сваіх каштоўнасцей. Пры гэтым выкарыстоўваюцца самыя нячыстаплотныя метады. Мы бачым – у свеце ідзе барацьба, прычым жорсткая, планета награваецца новымі ачагамі канфліктаў. Але нам выпала місія захаваць мір, заваяваны мільёнамі жыццяў нашых герояў, у цяжкі момант падставіць плячо, у тым ліку і нашым суседзям. Гэта пацвярджае нядаўняя сітуацыя на поўдні Расіі, якую паспяхова дапамог урэгуляваць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён сказаў: калі абрынецца Расія, пад абломкамі апынемся і мы, беларусы. Галоўная небяспека гэтых падзей была перспектыва пагружэння ўсяго грамадства ў хаос і смуту.
Беларусь заўсёды была за мірныя перамовы і больш таго, арганізоўвала іх. Варта ўспомніць Нармандскі фармат 2015 года, калі стваралі адзіную формулу міру. Перамовы паміж Расіяй і Украінай у 2022 годзе. Усё гэта падкрэслівае, што з нашай зямлі ніколі не зыходзіла і не будзе зыходзіць агрэсія. Але гэта не значыць, што мы не зможам за сябе пастаяць. Чужога нам не трэба, але і свайго не аддамо. Так навучылі нас продкі, і мы будзем верныя запавету.
– Сапраўдны суверэнітэт любой краіны магчымы толькі тады, калі яе народ аб'яднаны адзіным духоўным парывам, жаданнем зрабіць сваю краіну дабрабытнай, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – Калі людзі ведаюць і шануюць свае карані, берагуць і памнажаюць добрую славу роднай зямлі і з гонарам кажуць: мая Радзіма, мая краіна. Дзяржава з такім народам непераможная.
Пасля мітынгу на плошчы Перамогі афіцыйная частка свята працягнулася на вуліцы Замкавай, дзе прайшло ўскладанне кветак да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы Пятра Машэрава.
Святочныя мерапрыемствы праходзяць на працягу дня ў розных кутках горада. Напрыклад, на Алеі воінскай славы можна было паслухаць духавы аркестр. На плошчы Перамогі адбыўся канцэрт і дзейнічала выстава «Віцебшчына: Дасягненні сучаснасці». У парку ім. Савецкай Арміі прайшло народнае гулянне «Квітней мой край пад небам жураўліным».
Віцебская вобласць да Дня Незалежнасці атрымала новыя тралейбусы і мабільныя фельчарска-акушэрскія пункты (ФАПы). Сертыфікаты на атрыманне тэхнікі кіраўнікам адпаведных арганізацый на плошчы Перамогі ў Віцебску урачыста ўручыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Дзесяць раёнаў вобласці атрымалі па адным новым мабільным ФАПе, сродкі на закупку якіх былі выдзелены з абласнога бюджэту.
Завершыцца урачыстасць акцыяй «Засьпяваем гімн» і святочным салютам.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.