У Віцебскай вобласці плануецца пабудаваць 330 тыс. кв. метраў жылля, прычым палова дамоў будзе энергаэфектыўнай
Асноўнай задачай будаўнічай галіны на 2016 год з'яўляецца забеспячэнне загрузкай вытворчых магутнасцей ва ўмовах скарачэння аб'ёмаў льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва.
Як паведаміў «Віцебскім весткам» намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белоус, заданне на гэты год па ўзвядзенні жылля ўстаноўлена ў памеры 330 тыс. кв. м, палова з якога павінна быць у энергаэфектыўным выкананні. Ужо ў бліжэйшыя два месяцы трэба ўвесці ў эксплуатацыю два арэндных дома ў Віцебску і Оршы. Але для забеспячэння бягучай дзейнасці і развіцця будаўнічых арганізацый гэтага недастаткова, таму патрабуецца мабілізаваць усе рэсурсы і накіраваць максімальныя намаганні на пошук дадатковых заказаў, у тым ліку на знешніх рынках.
Яшчэ адно рэарганізацыйнае мерапрыемства прайшло на рэспубліканскім узроўні. У створаны нядаўна будаўнічы холдынг увайшло адно прадпрыемства Віцебшчыны — ААТ «Нафтазаводмантаж» (Наваполацк). Асноўнай мэтай яго ўтварэння пазначана развіццё экспарту паслуг. Паводле інфармацыі прэс-службы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, прадпрыемствы застануцца юрыдычнымі асобамі, працягнуць самастойна працаваць унутры краіны. Пры гэтым частка прыбытку таварыстваў, якая накіроўваецца на дывідэнды, будзе акумулявацца ўнутры холдынгу для выхаду на знешнія рынкі.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».