У Віцебскай вобласці плануецца ў 2011 годзе прышчапіць супраць грыпу да 30% насельніцтва

22 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2011 годзе прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу плануецца ахапіць 30% насельніцтва. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч. За кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў будуць прышчэплены 20% насельніцтва. Вакцына для гэтага ўжо заказана. Плануецца, што астатнія 10% складуць жыхары рэгіёна, якія зробяць прышчэпку за кошт уласных сродкаў, а таксама работнікі, якім дадзеную працэдуру аплацяць прадпрыемствы і арганізацыі. Спецыялісты санэпідслужбы праводзяць шырокую працу з прадпрыемствамі, падкрэсліў Уладзімір Сінкевіч, адзначыўшы, што многія з кіраўнікоў разумеюць значнасць імунізацыі як эканамічна мэтазгоднай меры. У эпідэміялагічным сезоне 2010/2011 года прышчэпку супраць грыпу і ОРВІ атрымалі каля 285 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар вобласці. Пры гэтым 177,2 тыс. чалавек былі прышчэплены за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, 77,5 тыс. - за кошт рэспубліканскага, больш за 3 тыс. - за ўласныя сродкі. За кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый у мінулым сезоне прышчэпку зрабілі 28 тыс. чалавек, што ў 3,6 раза больш у параўнанні з 2009 годам.-0-