У Віцебскай вобласці амаль 99% зарэгістраваных ініцыятыўных груп вылучаюць беспартыйных прэтэндэнтаў

На выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання ў Віцебскай вобласці пераважная большасць (98,7%) зарэгістраваных ініцыятыўных груп збіраюць подпісы за вылучэнне беспартыйных прэтэндэнтаў, паведамілі ў аблвыканкаме.
  

Усяго па рэгіёне тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі зарэгістравалі 2 559 ініцыятыўных груп, што амаль на 8% больш, чым у ходзе кампаніі па выбарах мясцовых дэпутатаў у 2014 годзе. Калі чатыры гады таму было 6 адмоваў у іх рэгістрацыі, то ў бягучай выбарчай кампаніі выбыў з барацьбы на дадзеным этапе ўсяго адзін прэтэндэнт, які меў намер балатавацца ў Віцебскі гарсавет, але ў заяве пазначыў акругу абласнога Савета дэпутатаў.

Вырашылі вылучацца ў прадстаўнічыя органы ўлады шляхам збору подпісаў у сваю падтрымку 34 партыйных актывіста. У тым ліку большасць членаў Камуністычнай партыі Беларусі - 15 прэтэндэнтаў, прычым прадстаўнікі КПБ вылучаюцца ў Саветы ўсіх узроўняў. Акрамя таго, маюць намер балатавацца такім спосабам 9 прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, чатыры члены Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", па тры - Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Партыі БНФ. Ужо на гэтым этапе сфарміравалася канкурэнцыя за мандаты на выбарах у аблсавет, дзе на 60 месцаў прэтэндуюць 72 чалавекі, у тым ліку маюць намер пераабрацца 28 дэпутатаў дзеючага склікання, а таксама гарадскія Саветы (на 133 выбарчыя акругі зарэгістравана 171 ініцыятыўная група).

Усяго на выбарах 18 лютага 2018 года ў Віцебскай вобласці трэба будзе сфарміраваць 221 Савет і выбраць 3 112 дэпутатаў, у тым ліку 2 253 у сельскія і пасялковыя, 133 - гарадскія, 666 - раённыя Саветы.

БЕЛТА.