У Віцебскай вобласці падвялі вынікі агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі»

В Витебской области подвели итоги смотра-конкурса хореографических коллективов «Прыдзвінскія карункі»
Падведзены вынікі абласнога агляду-конкурсу харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі», прысвечанага заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Сярыкаву.

Іван Арцёмавіч усё жыццё прысвяціў народным танцам. Пачынаў творчую біяграфію салістам ансамбля беларускай народнай песні і танца Белдзяржфілармоніі, а з 1961 года стаў кіраваць віцебскім народным ансамблем «Маладосць». Сабраў велізарную колькасць танцаў Віцебшчыны, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў уключаюць у свой рэпертуар калектывы рэгіёна.

Творчае спаборніцтва, прысвечанае майстру, праводзіцца раз на два гады. Як патлумачыла галоўны харэограф абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Панэ, задача агляду – папулярызацыя, аднаўленне і захаванне танцавальнай спадчыны Івана Сярыкава, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў харэаграфічных калектываў і папаўненне іх рэпертуару.

Сёлета ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй конкурс праходзіў дыстанцыйна, у ім прынялі ўдзел больш за трыццаць вядучых аматарскіх харэаграфічных калектываў, якія прадставілі звыш 80 відэаролікаў. Было прадугледжана некалькі намінацый і ўзроставых груп. Асобна разглядаліся нумары ансамбляў са званнямі народны і ўзорны.

За лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Івана Сярыкава дыпламамі першай ступені адзначаны заслужаныя аматарскія ансамблі Рэспублікі Беларусь «На ростанях» Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў і «Яблынька» Гарадскога Дома культуры. Пераможцамі ў гэтай намінацыі таксама прызнаны: «Карагод» віцебскай гімназіі №3 імя А. Пушкіна і ўзорны харэаграфічны ансамбль «Лялькі» Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Лепшыя новыя харэаграфічныя пастаноўкі беларускай накіраванасці, на думку журы, прадставілі: «На ростанях» Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, узорныя ансамблі «Заццея» Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, «Прыдзвінскія россыпы» Цэнтра культуры Наваполацка і «Карагод» віцебскай гімназіі №3.

У намінацыі на найлепшы народны танец перамаглі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Лявоніха» Цэнтра культуры «Віцебск», народны ансамбль «Віцябчанка» Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, узорныя верхнядзвінскія «Лялькі», наваполацкія «Прыдзвінскія россыпы» і «Гарэза» ЦК «Віцебск», а таксама шоў-група «Альянс» Палаца культуры Барані Аршанскага раёна.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы «За захаванне і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны».

"Віцебскія весці".