У Віцебскай вобласці з'явіцца яшчэ адно кадэцкае вучылішча
22 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Лужаснянская школа-інтэрнат-гімназія для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці будзе ператворана ў Віцебскае кадэцкае вучылішча. Такое рашэнне прынята Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар школы-інтэрната-гімназіі Уладзімір Шыцько.
"Змяненне статусу навучальнай установы з'яўляецца заканамерным этапам у яе развіцці", - падкрэсліў дырэктар. Лужаснянская гімназія была створана 16 гадоў таму для працы з таленавітымі дзецьмі з сельскай мясцовасці. Набор сюды ажыццяўляўся з усіх куткоў Віцебшчыны. Інтэрнат-гімназія стала своеасаблівым палігонам для адпрацоўкі методык па працы з адоранымі дзецьмі і распаўсюджвала перадавы вопыт сярод навучальных устаноў. Як вынік, у 11 сельскіх раёнах вобласці цяпер працуюць гімназіі, утвораныя па вопыце лужаснянцаў.
Як лічыць Уладзімір Шыцько, кадэцкае вучылішча дазволіць удзяліць больш пільную ўвагу патрыятычнаму выхаванню, фізічнай культуры навучэнцаў, захаваўшы пры гэтым высокі ўзровень падрыхтоўкі па агульнаадукацыйных дысцыплінах. Стварэнне кадэцкага вучылішча на базе інтэрната-гімназіі не пацягне значных выдаткаў з бюджэту. У школе добрая матэрыяльная база, тут працуе адзіны ў вобласці гандбольны зала, ёсць футбольнае поле з штучным пакрыццём, басейн, трэнажорная зала. У навучальных класах устаноўлена сучаснае абсталяванне, маюцца жылыя пакоі і класы для самападрыхтоўкі, абсталяваныя камп'ютарамі.
З 2008 года ў гімназіі працуюць кадэцкія класы. За час працы гімназіі 175 яе выпускнікоў звязалі сваё жыццё з беларускім войскам.
Навучальная ўстанова будзе ператворана да 15 чэрвеня. Першы набор з 48 чалавек будзе ажыццяўляцца ў восьмыя класы. Экзаменацыйныя выпрабаванні ў новае кадэцкае вучылішча будуць праходзіць у адпаведнасці з указам №354 "Аб кадэцкіх вучылішчах" ад 28 студзеня 2010 года.
У цяперашні час у Беларусі працуюць тры кадэцкія вучылішчы - у Мінску, Полацку і Слуцку.-0-