У Віцебскай вобласці пасеяна больш за палову плошчаў ранніх яравых збожжавых культур

Аграрыі Віцебскай вобласці за выхадныя пераадолелі экватар у сяўбе ранніх яравых збожжавых і зерневых бабовых культур, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.

На раніцу 20 красавіка ў рэгіёне пасеяна 137,8 тыс. га, або 54,9% запланаваных плошчаў па гэтай групе. Найбольш актыўна работы прасоўваюцца ў Дубровенскім (пасеяна 80% да плана), Чашніцкім (74%) і Полацкім (70%) раёнах. Ужо з'явіліся гаспадаркі, якія цалкам справіліся з гэтым пластом вясенніх работ. Сярод іх, напрыклад, гаспадарка "Азерцы" Глыбоцкага раёна і КУСХП ім. Чарняхоўскага Дубровенскага раёна. У канцы турнірнай табліцы сярод раёнаў вобласці пакуль Росанскі і Браслаўскі, што тлумачыцца аб'ектыўнымі прычынамі: з-за нестабільнага надвор'я і стану глебы да сяўбы аграрыі змаглі прыступіць толькі ў пачатку красавіка.

"Штодня на палі вобласці выходзяць каля 1,2 тыс. энергонасычаных трактароў. На выхадных было задзейнічана 400 пасяўных і 500 глебаапрацоўчых агрэгатаў. Работа пачынаецца ў 6.00 і працягваецца ўвесь светлавы дзень. Наша задача на бліжэйшую перспектыву - завяршыць сеў збожжавых і зерневых бабовых на гэтым тыдні", - адзначылі ў камітэце.

Паступова ў рэгіёне прасоўваецца сеў і іншых культур. Ужо пасеяна 14,2 тыс. га, або 27%, крыжакветных, 3,3 тыс. га, або 22%, лёну.

БЕЛТА.