У Віцебскай вобласці апошні званок прагучыць больш чым для 16,7 тыс. выпускнікоў школ
Асаблівым школьнае свята будзе для 6 857 выпускнікоў 11 класаў, якім сёлета трэба будзе атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Пасведчанне аб базавай адукацыі пасля здачы экзаменаў атрымаюць 9 889 падлеткаў. Свята апошняга званка пройдзе сёння ва ўсіх школах рэгіёна. У Віцебску старшакласнікаў чакае яшчэ і спецыяльная святочная праграма ў Летнім амфітэатры, падрыхтаваная Цэнтрам культуры "Віцебск". У канцэрце, які так і называецца "Апошні званок", возьмуць удзел тэатр песні "Прасторы", харэаграфічны ансамбль "Зорка", шоу-балет "Сэнсацыя", ансамбль бальнага танца "Мазаіка", ансамбль танца "Лявоніха", іншыя калектывы і выканаўцы.
А 31 мая ў Летні амфітэатр запрашаюць малодшых школьнікаў абласнога цэнтра. Для іх у фінале навучальнага года падрыхтавана тэатралізаваная канцэртная праграма "Класны час. Самае класнае лета!". Выпускныя вечары пройдуць на базе ўстаноў адукацыі і культуры рэгіёна 9 і 10 чэрвеня.
Алена Ціханава - БЕЛТА.