У Віцебскай вобласці прыступілі да працы 923 участкі для галасавання на выбарах у мясцовыя саветы

25 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. На Віцебшчыне прыступілі да працы 923 участкі для галасавання на выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў, у тым ліку 47 выбарчых участкаў адкрыліся ў лячэбных установах, санаторыях і прафілакторыях вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі Уладзімір Мядзец. У спісы для галасавання ўсяго ўнесены каля 894 тыс. жыхароў вобласці. Правам датэрміновага галасавання скарысталіся больш за 296 тыс. грамадзян, або 33,2% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Найбольшую актыўнасць у ходзе датэрміновага галасавання праявілі жыхары Шаркаўшчынскага раёна, дзе яўка склала 51%, Расонскага (47,8%) і Лёзненскага (41,6%) раёнаў. У абласным цэнтры яўка выбаршчыкаў па выніках датэрміновага галасавання склала 33,4%, у Наваполацку - 34,8%, Оршы - 24,7%, Полацку - 22,2%. У цэлым датэрміновае галасаванне прайшло спакойна і ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам, адзначыў Уладзімір Мядзец. Барацьбу за галасы выбаршчыкаў вядуць 3 тыс. 761 кандыдат у дэпутаты, якія прэтэндуюць на 3 тыс. 530 мандатаў. У ходзе выбараў у вобласці трэба будзе сфарміраваць 240 мясцовых саветаў, у тым ліку адзін абласны, 21 раённы, 7 гарадскіх у гарадах абласнога і раённага падпарадкавання, а таксама 211 сельскіх і пасялковых саветаў. -0-